Начальнік аддзелу кадраў холдынгу БелОМА Яўген Ігнатчык пацьвердзіў, што за тыдзень было звольнена больш за 15 чалавек. Бальшыня «па згодзе бакоў», два чалавекі па артыкуле 42 Працоўнага кодэксу — з ініцыятывы наймальніка. Звольненыя лічаць, што яны пацярпелі за сваю пазыцыю.
Адкрыта выказваць сваю пазыцыю некаторыя працаўнікі заводу імя Вавілава пачалі яшчэ ў жніўні. У перапынку на абед яны абмяркоўвалі сытуацыю, пісалі звароты ва ўсе органы ўлады з патрабаваньнем спыніць у краіне гвалт, нават прыгразілі страйкам. У жніўні рабочыя БелОМА выходзілі на пікет да тэлецэнтру.
«З намі спрабавала праводзіць гутаркі кіраўніцтва заводу. З кожным асобна размаўлялі. Выклікалі паасобку і ў РУУС, хаця што незаконнага мы зрабілі? Напісалі ў органы ўлады лісты. Адказаў не атрымалі. Здаецца, была адна адпіска. 26 кастрычніка, калі быў абвешчаны агульнанацыянальны страйк, мы таксама сабраліся на плошчы на тэрыторыі заводу ў абедны перапынак, але занялі яшчэ 40 хвілін працоўнага часу. Хацелі пасьля працы выйсьці на вуліцу», — расказвае ўжо былы галоўны мэтроляг БелОМА Сяргей Хрыповіч.
Звольнены мэтроляг адпрацаваў на заводзе 36 гадоў
На наступны дзень генэральны дырэктар сабраў начальнікаў структурных падразьдзяленьняў, пагаварылі даволі карэктна, кажа Сяргей Хрыповіч. Яшчэ празь дзень зьявіўся загад — вынесьці ўсім шараговым працаўнікам заўвагі, а Хрыповічу як кіраўніку — вымову.
А ў чацьвер, 29 кастрычніка, усім парушальнікам дысцыпліны прапанавалі звольніцца па згодзе бакоў. У пятніцу звольнілі першую групу — 7 чалавек.
«Я сказаў, што не напішу заяву па ўласным жаданьні. Завод Вавілава — маё адзінае месца працы, я тут адпрацаваў 36 гадоў. Разьмеркавалі мяне сюды пасьля тэхнікуму, адсюль пайшоў у войска, скончыў радыётэхнічны інстытут, прайшоў усе стадыі — ад сьлесара, інжынэра, начальніка аддзелу да галоўнага мэтроляга», — кажа Сяргей Хрыповіч.
3 лістапада Сяргея Хрыповіча звольнілі па артыкуле 42, пункт 6 Працоўнага кодэксу — «з ініцыятывы наймальніка»: за вымову, да якой знайшлі яшчэ адну нібыта «непагашаную заўвагу».
4 лістапада звольнілі яшчэ 7 чалавек. Яшчэ адзін намесьнік начальніка аддзелу адмовіўся падпісаць заяву «па згодзе бакоў», яго таксама звольнілі па артыкуле.
Начальнік аддзелу кадраў: «Рашэньне аб звальненьнях прымаў ня я»
Намесьнік генэральнага дырэктара па рэжыме, кадрах і ідэалягічнай працы Беларускага оптыка-мэханічнага аб’яднаньня Вячаслаў Кузьняцоў з 9 лістапада ў адпачынку. У прыёмнай гендырэктара накіравалі да начальніка аддзелу кадраў Яўгена Ігнатчыка.
Спадар Ігнатчык пацьвердзіў, што за тыдзень (у апошнія дні кастрычніка і першыя дні лістапада) было звольнена больш за 15 чалавек. У асноўным — «па згодзе бакоў», а два чалавекі — з ініцыятывы наймальніка за спагнаньні.
«Што тычыцца Хрыповіча, ён быў звольнены па 42-м артыкуле. Зразумейце, рашэньне прымаў ня я. У аддзел кадраў паступілі дакумэнты, нам давялося іх аформіць. Загад аб спагнаньні быў падпісаны генэральным дырэктарам Аляксандрам Марозам і намесьнікам па ідэалёгіі і кадрах Вячаславам Кузьняцовым. Я ведаю, што зь імі размаўляла кіраўніцтва. Але фармальна яны парушылі крыху працоўнае заканадаўства — 40 хвілін працоўнага часу занялі сваім сходам», — тлумачыць начальнік аддзелу кадраў Яўген Ігнатчык.
Сяргей Хрыповіч мае намер падаць заяву аб незаконным звальненьні ў суд.