Брытанскія дыпляматы, вайсковы аташэ Тымаці Уайт і намесьнік пасла Ліза Тамвуд, абвешчаныя ў Беларусі persona non grata.
Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на прэсавага сакратара МЗС Беларусі.
«Міністэрствам замежных справаў Беларусі 8 лістапада 2020 года з прычыны дзейнасьці несумяшчальнай са статусам дыпляматычнага агента, статусам дыплямата, а таксама з мэтамі знаходжаньня ў Беларусі прынятае рашэньне аб абвяшчэньні двух дыпляматаў амбасады Вялікай Брытаніі persona non grata», — паведаміў прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз у этэры тэлеканалу АНТ у панядзелак.
Абвяшчэньне замежнага дыплямата persona non grata азначае, што яго далейшае знаходжаньне ў краіне непажаданае і ён мусіць пакінуць яе.
На гэты крок беларускіх уладаў адрэагаваў міністар замежных справаў Вялікабрытаніі. Ён напісаў у Твітэры:
«Выдварэньне двух брытанскіх дыпляматаў зь Беларусі за законнае назіраньне за пратэстамі абсалютна неапраўданае. Лукашэнка ня можа схаваць прыгнёт свайго ўласнага народу. Адзіны шлях наперад — свабодныя і справядлівыя выбары і прыцягненьне да адказнасьці датычных да гвалт супраць дэманстрантаў».