Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у тэлефоннай размове з Эдзі Рамам, прэм’ер-міністрам Альбаніі, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ, заявіў, што арганізацыя страчвае магчымасьці спрыяць дыялёгу ў Беларусі з прычыны запуску Маскоўскага мэханізму.
Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным у панядзелак паведамленьні МЗС РФ — піша ТАСС.
На падставе Маскоўскага мэханізму быў падрыхтаваны адмысловы даклад АБСЭ па Беларусі, у якім канстатавалася, што выбары 2020 году ў Беларусі былі сфальсыфікаваныя. Даклад утрымліваў заклік да правядзеньня новых, справядлівых і сумленных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
«Пры абмеркаваньні сытуацыі ў Беларусі Лаўроў адзначыў, што запуск Маскоўскага мэханізму ў дачыненьні да Менску яшчэ больш абмежаваў магчымасьці АБСЭ канструктыўна спрыяць дыялёгу ўладаў Беларусі і апазыцыі. Высновы дакладчыка Бэнэдэка перадузятыя і непрафэсійныя. Аўтар дазволіў сабе недапушчальныя палітызаваныя рэкамэндацыі, якія выходзяць далёка за рамкі паўнамоцтваў і кампэтэнцыі інстытутаў і мэханізмаў Арганізацыі. На гэтым прыкладзе сталі яшчэ больш відавочнымі падвойныя стандарты, якія руйнуюць давер да АБСЭ», — паведамілі ў зьнешнепалітычным ведамстве Расеі.
Раней з крытыкай дакладу АБСЭ выступіла МЗС Беларусі.