30 жніўня 21-гадовы Ягор Фатыхаў трапіў у навіны: ён адкрыта спрачаўся зь Мікалаем Латышонкам, памочнікам Лукашэнкі, які нечакана выйшаў да пратэстоўцаў. Падчас разгону акцыі пратэсту 8 лістапада ў Менску невядомыя з дубінамі зламалі яму нагу, піша «Наша Ніва».
Ягор Фатыхаў 8 лістапада быў на стэле з боку праспэкту Машэрава, калі там пачаўся разгон. Ён пабег, за ім кінуўся адзін зь сілавікоў з крыкам: «Стой, сука!». Дагнаў, ударыў дубінкай па назе. Ягор упаў, а калі падняўся — зрабіў тры крокі і зразумеў, што нага не ў парадку. Да яго зноў падскочыў той сілавік, зрабіў падсечку. Ягор упаў, яго яшчэ раз ударылі па назе, з мацюкамі зацягнулі сьцяжкі на руках і павялі ў аўтазак.
Ягор кажа, што ня мог ступаць на нагу, па дарозе зноў упаў, пасьля гэтага яго ўдарылі ў твар, расьсеклі губу. Сілавікі білі яго па галаве, калі ня мог ісьці, цягнулі па зямлі, да аўтазака давялі паўпрытомнага.
Хлопца павезьлі ў Савецкае РУУС Менску, там паставілі да сьценкі разам зь іншымі. Ён патлумачыў, што ня можа стаяць, яго пасадзілі на лавачку, але пасьля зьяўленьня нейкага начальніка прымусілі ўсё ж устаць разам з усімі. Ягор устаў, але ногі аж трэсьліся ад болю. Тады яму ўсё ж дазволілі вярнуцца на лавачку і выклікалі хуткую.
Хуткая прыехала праз 5–6 гадзін. На месцы ніякай мэдычнай дапамогі Ягору не надалі. Адзін з затрыманых прапанаваў дапамагчы, але яму жорстка адказалі, што ня трэба, прыгразілі, што для яго гэта «кепска скончыцца».
У шпіталі Ягору паставілі дыягназ: закрытая ЧМТ лёгкай ступені, страсеньне мозгу, ушыб мяккіх тканак, ранкі на далонях, расьсячэньне губы, закрыты пералом малой галёначнай косткі. Канвой чакаў яго, але Ягора адразу забралі на апэрацыю, управілі нагу. Тады міліцыянты зьехалі. Але раніцай 9 лістапада нейкі міліцыянт завітаў да яго ў палату.
«У РУУС пратакол на мяне ня склалі. А той, што прыходзіў сёньня, апытваў, як я атрымаў траўмы. Я пераказаў, што мяне білі. Ці буду я падаваць заяву аб зьбіцьці, пакуль ня ведаю — вырашу пасьля кансультацыі з адвакатам», — кажа Ягор Фатыхаў.