Да страйку на Беларускім мэталюргічным заводзе далучыўся мэталюрг Дзьмітры Сафонаў.
Сафонаў адпрацаваў на БМЗ 29 гадоў, далучыўся да страйку, але быў вымушаны тэрмінова зьехаць з краіны, піша тэлеграм-канал «Свободный Жлобин».
Незадоўга да таго, як Сафонаў запісаў свой відэазварот аб далучэньні да страйку, у ягонай кватэры і на працоўным месцы забралі кампутары і мабільны тэлефон.
2 лістапада на групу работнікаў Беларускага мэталюргічнага заводу завялі крымінальную справу паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (правядзеньне незаконных групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады).
У пастанове пералічаны чатыры работнікі БМЗ і «іншыя нявызначаныя асобы».
Справа тычыцца падзей 17 жніўня. Тады работнікі БМЗ спрабавалі пачаць страйк і спынілі на час працу ўсіх трох доменных печаў.
З 30 кастрычніка па 4 лістапада зь Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне звольнілі сем чалавек, якія далучыліся да ўсеагульнага страйку.