Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіўся першы адказ Сьледчага камітэту на заяву аб зьбіцьці і катаваньні міліцыяй пасьля выбараў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт адмовіўся заводзіць крымінальную справу па заяве былога лагойскага ратавальніка Юрыя Крывашэя. Ён апублікаваў тэкст афіцыйнага адказу ў​ сваім твітэры.

У адмове, якую падпісаў сьледчы І. Караткевіч, гаворыцца, што рашэньне прынялі на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Гэты пункт азначае «адсутнасьць ў дзеяньні складу злачынства».

Юрыя Крывашэя затрымалі 11 верасьня, калі ён з жонкай і чатырохмесячным дзіцем ехаў на сваёй машыне ў краму. Інспэктар ДАІ папрасіў яго выйсьці з аўтамабіля, пасьля чаго мужчыну зацягнулі ў бусік некалькі чалавек у чорнай форме, масках і без апазнавальных знакаў. У аўтамабілі яго пабілі і завезьлі ў аддзяленьне міліцыі. Там ён некалькі гадзін ляжаў з рукамі за сьпінай у падвале. Потым мужчыну прынесьлі падпісаць заяву на звальненьне зь Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і асудзілі на 10 сутак. Яму заявілі, што ён адмаўляўся паказаць інспэктару ДАІ дакумэнты і праехаць у РАУС для высьвятленьня асобы.

Крывашэй кажа, што ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, якія праходзілі ў горадзе, але актыўна выступаў у гарадзкім тэлеграм-канале і чаце аб мясцовай ДАІ.

Пасьля вызваленьня мужчына засьведчыў сьляды ўдараў і напісаў заяву ў Сьледчы камітэт.

Такіх заяваў было каля 2000, спраў няма

Беларусы падалі больш за 2 тысячы заяў пра гвалт і катаваньні з боку сілавікоў пасьля 9 жніўня. Дагэтуль Сьледчым камітэтам не заведзеная ніводная справа, фармальна працягваюцца праверкі.

Не заведзеныя таксама справы аб гібелі людзей падчас разгонаў акцый пратэсту, у тым ліку сьмерці жыхара Менску Аляксандра Тарайкоўскага.

Чакаецца, што ў лістападзе сьледчыя органы павінны даць адказы на гэтыя заявы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG