Увечары 4 лістапада ў Менску затрымалі больш за 10 музыкаў, піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Сярод затрыманых калектыў барабаншчыкаў «Патрабуем разысьціся», які даваў дваровыя канцэрты ў розных раёнах Менску.
Адначасова з гэтым у розных раёнах сталіцы затрымалі яшчэ некалькі музыкаў, якія давалі дваровыя канцэрты.
Вядома, што сярод затрыманых былі: Антон Карыцкі, Алена Панамарова, Максім Корзун, Аляксандар Гадоўнікаў, М.А.Галянтава, А.В. Бержнікаў, Ціматэ Суладзэ, Іван Мінчанка, Іван Кабашнікаў. Мікіту Камянецкага сілавікі выцягнулі з таксі, калі той зьяжджаў з двара ў Малінаўцы, дзе граў канцэрт. Музыку павезьлі ў Маскоўскі РУУС.
Масавыя затрыманьні музыкаў пачаліся на пачатку лістапада.
Вечарам 3 лістапада каля ГЦ «Рыга» пасьля вулічнага канцэрта затрымалі бас-гітарыста соўл-гурта Dee Tree Філіпа Петчанку, гітарыста фольк-гурта Vuraj Івана Арцімовіча, музыканта фольк-гурта Irdorath Андрэя Аляксеенку, а таксама літаратараў Сяргея Мядзьведзева і Аляксандра Беліка. Як стала вядома БелаПАН, разам зь імі затрымалі двух мясцовых жыхароў. Адміністрацыйныя справы паводле арт. 23.34 КоАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў) у дачыненьні да чатырох з іх разглядаліся ў адным з мінскіх судоў 4 лістапада. Усе пратаколы накіравалі ў міліцыю на дапрацоўку, затрыманыя застаюцца пад вартай.
4 лістапада сілавікі на працоўным месцы затрымалі артыстаў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі харавога сьпевака Дзяніса Іванова і віялянчэліста Аляксандра Сердзюкова.
2 лістапада позьнім вечарам невядомыя затрымалі выкладчыцу Менскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў Тацяну Галузу. Дырыгентку Галіну Казіміроўскую схапілі 29 кастрычніка, пасьля трох дзён на Акрэсьціна аштрафавалі на 810 рублёў.