З 30 кастрычніка па 4 лістапада зь Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне звольнілі сем чалавек, якія далучыліся да ўсеагульнага страйку.
Першым, хто абвясьціў страйк 29 кастрычніка, быў апэратар Сяргей Анісімаў. Яго назаўтра звольнілі. Потым кожны дзень адзін з супрацоўнікаў БМЗ абвяшчаў страйк.
І кожнага звальнялі. 30 кастрычніка да страйку далучыўся сьлесар-рамонтнік Аляксей Аўдзееў. Яго звольнілі. Потым Дзьмітрый Альховік, Дзьмітрый Дубарэнка, Сяргей Сьляжоў, затым Алег Шанюк – ён адпрацаваў на заводзе 31 год.
4 лістапада да страйку далучыўся Аляксей Арастовіч – і таксама быў звольнены. Усе яны выказваліся за працоўную салідарнасьць, супраць несправядлівых выбараў і міліцэйскага гвалту.
4 лістапада таксама напісала заяву на звальненьне з БМЗ Сьняжана Пагодзіна. Яна працавала карэспандэнтам аддзелу інфармацыі, ідэалёгіі і разьвіцьця пэрсаналу. «У сувязі зь нязгодай з кадравай палітыкай і трактоўкай ідэалягічнай працы, якая праводзіцца на прадпрыемстве, а таксама на знак салідарнасьці з калегамі, якіх звольнілі за палітычныя перакананьні, прашу спыніць са мной працоўныя адносіны з 5 лістапада», – напісала ў заяве Сьняжана Пагодзіна.
БМЗ першы абвяшчаў пра магчымасьць страйку яшчэ 11 жніўня. Але тады ў Беларусі быў адключаны інтэрнэт, і гэта ня мела розгаласу. У сярэдзіне жніўня працоўныя заводу прыпынілі на час працу ўсіх трох доменных печаў. Яны зьбіралі подпісы пад калектыўным зваротам да кіраўніцтва.