4 лістапада працягваюцца суды над мэдыкамі, якіх затрымалі 2 лістапада падчас акцыі салідарнасьці на праспэкце Дзяржынскага ў Менску. Таксама за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» асудзілі мэдыка з Салігорску.
- Яўгена Майскага, лекара магнітна-рэзананснай тамаграфіі ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, пакаралі 9 суткамі адміністрацыйнага арышту, паведамляе незалежнае аб’яднаньне мэдыкаў «Белые халаты».
- Руслана Якубоўскага, траўматоляга-артапэда таго ж РНПЦ, асудзілі на 8 сутак арышту.
- Дзімітрыя Маркелава, хірурга Менскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталёгіі і гематалёгіі, асудзілі на 8 сутак арышту.
- Леаніду Глазкіну, траўматолягу-артапеду РНПЦ траўмы прысудзілі 8 сутак арышту.
А ў Салігорску пасьля ранішняга «ланцуга салідарнасьці» ў сваім кабінэце быў затрыманы Яўген Бянькоўскі, доктар-тэрапэўт, загадчык аддзяленьня ў Рэспубліканскай бальніцы спэлеалячэньня. Яго даставілі ў РАУС, судзілі па скайпе, вырак – штраф 540 рублёў, піша страйкам «Беларуськалію».
Учора 15 сутак адміністрацыйнага арышту прысудзілі акушэру-гінэколягу 3-й гарадзкой клінічнай бальніцы Менску Станіславу Салаўю і лекару-нэўролягу РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі Руслану Бадамшыну.
2 лістапада на праспэкце Дзяржынскага ў Менску прайшло шэсьце лекараў у падтрымку адлічаных студэнтаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Шэсьце пачалося ад будынку БДМУ, у ім удзельнічалі некалькі дзясяткаў чалавек. Хутка прыехалі сілавікі, затрымалі 9 мэдыкаў, сярод іх трох жанчын. Жанчын пасьля адпусьцілі з Маскоўскага РУУС, а мэдыкаў-мужчын перавялі на Акрэсьціна да суду.