Беларусы падалі больш за 2 тысячы заяў пра гвалт і катаваньні з боку сілавікоў, у 500 зь іх ёсьць доказная база, што дазваляе пачынаць крымінальныя справы. Пра гэта заявіў сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка ў эфіры «Настоящего времени».
Паводле яго, цяпер з гэтай прычыны «Цэнтральны апарат сьледчага камітэту ідзе фактычна на раскол».
Што сказаў Латушка
- 2300 заяў пра гвалт і катаваньні сілавікоў падалі грамадзяне Беларусі паводле стану на 18 верасьня.
- 1800 заяў прайшлі праверку.
- Ужо ў 500 заяў ёсьць поўная доказная база, каб заводзіць крымінальныя справы па фактах катаваньняў. Гэта значыць, што ёсьць прозьвішчы ўсіх датычных супрацоўнікаў МУС, спэцпадразьдзяленьняў.
- 9–10 лістапада мінае апошні тэрмін праверкі, і сьледчыя павінны вырашаць, заводзіць крымінальныя справы ці не. Калі сьледчы не пачынае крымінальную справу, то фактычна ён сам становіцца саўдзельнікам злачынства. І вось ад гэтага і пачынаецца раскол.
- Сьледчых, якія маюць намер завесьці крымінальныя справы, даволі шмат, таму цяпер стаіць пытаньне пра перападпарадкаваньне Сьледчага камітэту Міністэрству ўнутраных спраў — органу дазнаньня і перасьледу.