Ад 3 лістапада тым, хто прыбыў у Беларусь з Альбаніі, Італіі, Кіпру, Латвіі, Манака, Нямеччыны і Сан-Марына, трэба праходзіць 10-дзённы карантын, паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства аховы здароўя. А ў шэрагу беларускіх ВНУ ўвялі рэжым абавязковага нашэньня маскі.
Сем пералічаных дзяржаў раней выключылі са сьпісу, аднак усплёск захворваньня змусіў Міністэрства аховы здароўя Беларусі перагледзець сьпіс. Пералік краін, па прыбыцьці зь якіх чалавек мусіць праходзіць 10-дзённы карантын, зьмешчаны ў пастанове Савета Міністраў № 624 «Аб мерах па прадухіленьні завозу і распаўсюджваньня інфэкцыйнага захворваньня».
Па стане на 3 лістапада такіх краін 138. З суседніх зь Беларусьсю дзяржаў туды ня трапілі толькі Літва і Расея.
Таксама ў аўторак у шэрагу ВНУ Беларусі ўводзіцца масачны рэжым. Паводле афіцыйных дакумэнтаў, якія публікуе тэлеграм-канал «Отчислено», гэта Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, БДАТУ, БДУ, ВДУ ім. Машэрава, БДСГА і БДЭУ.
Паводле інфармацыі, якую распаўсюдзіла Міністэрства аховы здароўя 2 лістапада, за суткі ў Беларусі было 989 новых заражэньняў. Агулам за ўвесь час пандэміі з канца лютага ў Беларусі захварэлі 100 400 чалавек, паправіліся 87 400. За ўвесь час памерлі 989 чалавек.