Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыш 200 выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДМУ падпісалі ліст салідарнасьці з адлічанымі за грамадзянскую пазыцыю


Акцыя салідарнасьці з адлічанымі студэнтамі БДМУ, 28 кастрычніка
Акцыя салідарнасьці з адлічанымі студэнтамі БДМУ, 28 кастрычніка

«Адзінкавыя пропускі ставіліся студэнтам настолькі пасьпешліва, што прыпалі на тыя заняткі, дзе яны прысутнічалі», — гаворыцца ў звароце да кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Зварот апублікаваў тэлеграм-канал «Студэнцкая ініцыятыўная група».

Больш за 200 выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДМУ падпісаліся пад зваротам да рэктара Сяргея Рубніковіча. Яны патрабуюць скасаваць загад аб адлічэньні шэрагу студэнтаў, якія пацярпелі за выказваньне думкі наконт палітычных і грамадзкіх падзей у краіне. Падпісанты звароту лічаць, што сваім загадам рэктарат парушыў адразу некалькі законаў Рэспублікі Беларусь, у прыватнасьці, артыкулы 33, 35, 36, 40, 49 Канстытуцыі, а таксама пункты 1 і 2 артыкула 3 Кодэксу аб адукацыі.

«... шэрагу студэнтаў адзінкавыя пропускі заняткаў былі выстаўлены задняй датай настолькі пасьпешліва, што прыпалі на тыя заняткі, на якіх яны прысутнічалі. Адпаведна, іх адлічэньне незаконнае і расцэньваецца намі як палітычна матываваная акцыя помсты за пазыцыю, якая не супадае з пазыцыяй адміністрацыі Ўнівэрсытэту», — гаворыцца ў звароце.

Акрамя таго, выкладчыкі і супрацоўнікі БДМУ лічаць загад на адлічэньне студэнтаў непавагай да статута Ўнівэрсытэту. Паводле іх, такія рашэньні не спрыяюць паляпшэньню рэнамэ ВНУ.

У канцы звароту падпісанты адзначаюць, што ў выпадку адмовы ад задавальненьня патрабаваньняў могуць запатрабаваць скліканьня Рады Ўнівэрсытэту, зьвярнуцца ў розныя арганізацыі краіны, а таксама на міжнародным узроўні, у тым ліку акадэмічныя. За грубае парушэньне прынцыпу акадэмічных свабодаў падпісанты пагражаюць выступіць з хадайніцтвам аб прыпыненьні сяброўства Беларусі ў Балёнскім працэсе.

У Беларусі працягваюцца пратэсты студэнтаў. Адміністрацыі ВНУ адказалі на пратэсты рэпрэсіямі. Дзясяткі студэнтаў адлічылі з БДМУ (22 чалавекі), Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі і некаторых іншых ВНУ. Страцілі працу і выкладчыкі, якія падтрымалі страйк і пратэсты студэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG