Суд Ленінскага раёну Менску арыштаваў на 14 сутак звольненую дацэнтку МДЛУ Натальлю Дуліну. Справу вяла судзьдзя Тацяна Шоцік.
Дацэнту МДЛУ Натальлі Дулінай інкрымінаваўся артыкул 23.34 — удзел у пікетаваньні 26 кастрычніка каля будынку юрыдычнага факультэту БДУ.
Судзьдзя зачытвае, што Дуліна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, стаяла каля праезнай часткі, выкрыквала лёзунгі «За сумленныя выбары».
Натальля ад тлумачэньняў у судзе адмовілася. Ад абаронцы Натальля таксама адмовілася. Адвакат кажа, што дамову заключала маці Дулінай. Натальля ўсё адно адмовілася ад адваката, сказала, што будзе абараняцца сама. Адвакат уражаны.
Асобу сьведкі Сяргея Вусіка ўстанаўліваюць без прысутных на судовым паседжаньні, усіх просяць пакінуць залю. Ён супрацоўнік Ленінскага РУУС.
Сярод матэрыялаў справы — відэа Радыё Свабода, дзе ёсьць асоба, падобная да Дулінай, зачытвае судзьдзя пісьмовыя матэрыялы справы.
Дацэнтку Дуліну невядомыя затрымалі каля МДЛУ 30 кастрычніка. У гэты дзень каля МДЛУ прайшла акцыя салідарнасьці з адлічанымі студэнтамі і звольненымі выкладчыкамі. У ёй узялі ўдзел студэнты, іх бацькі, выкладчыкі і выпускнікі.
Раней стала вядома, што Дуліну, якая актыўна выступала супраць выключэньня студэнтаў, звольнілі з унівэрсытэту разам зь дзьвюма іншымі выкладчыцамі.
Дацэнт катэдры італьянскай мовы Натальля Дуліна адпрацавала ў МДЛУ 29 гадоў. Унівэрсытэт на знак салідарнасьці з калегамі пакінула і прафэсар катэдры агульнага мовазнаўства Алена Лукашанец.