У Горадні працягваюцца кропкавыя затрыманьні
ГУУС Менгарвыканкаму «ня мае дадзеных» пра стрэлы ў паветра ў Менску
«На несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Менску затрыманыя некалькі чалавек», – паведаміла «Інтэрфаксу» афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч.
Тым часам, яна ня мае дадзеных аб папераджальных стрэлах у паветра, якія, як паведамляюць відавочцы, зрабілі сілавікі.
У бок Уручча паехала спэцтэхніка. Пратэстоўцы ідуць у Курапаты
Менск: людзі зьбіраюцца на Лагойскім тракце
У раёне Курапатаў дзяжураць сілавікі
Менск: па пратэстоўцах страляюць пэйнтбольнымі кулямі
Невядомыя ў цывільным бегаюць па дварах побач з праспэктам Незалежнасьці ў Менску і страляюць у людзей пэйнтбольным кулямі.
Менск: на Каліноўскага прыехалі сілавікі
На Каліноўскага колькі хвілінаў таму прыбылі аўтазакі, высадзіліся сілавікі, паведамляе «Наша ніва». Хвост калёны адразу перамясьціўся ў двары. Многія адышлі ў бок Сьляпянскай воднай сыстэмы.
Аўтамабілісты спрабуюць заблякаваць рух аўтазакаў. Дэманстрантаў тут дзясяткі тысяч.
Менск: пратэстоўцаў б'юць, супраць дзяўчыны ўжылі сьлезацечны газ
На скрыжаваньні вуліц Каліноўскага і Гамарніка дэманстрантаў узялі ў кола, сілавікі б'юць людзей, паведамляе «Белсат».
На Каліноўскага ля храма ў гонар Усіх сьвятых групуюцца сілавікі, чуваць быў стрэл з помпавага ружжа. Перад гэтым людзі суправаджалі іх з паднятымі рукамі і скандаваньнем «Ён вас кіне!» Сюды таксама пад’ехаў вадамёт, перадае карэспандэнт «Нашай нівы».
Як мінімум супраць адной дзяўчыны быў ужыты сьлезацечны газ.
Дэманстранты абыходзяць АМАП на рагу Каліноўскага і Гамарніка.
Міліцыя пацьвердзіла стрэлы ў паветра на маршы ў Менску
Прэс-служба менскай міліцыі пацьвердзіла РИА Новости, што праваахоўнікі стралялі ў паветра для стрыманьня парушэньняў закону.
Менск: чуваць выбухі сьвятлашумавых гранат
На Лагойскім тракце ў Менску цяпер чуваць выбухі сьвятлашумавых гранат.
Менск: на Лагойскім тракце перакрылі рух транспарту
Перакрыты рух транспарту па Лагойскім тракце на выезд з гораду. На скрыжаваньні з вуліцай Шырокая стаіць шмат сілавікоў, перад імі калёна аўтазакаў.
Менск: яшчэ адна калёна на Гамарніка
Затрымалі апэратара «Белсату»
Затрымалі відэаапэратара «Белсату» Зьмітра Солтана. Апошні раз яго бачылі ля Дзіцячай чыгункі, дзе адбывалася зачыстка ўдзельнікаў маршу, з таго часу ён не выходзіць на сувязь – падобна, яго затрымалі менавіта там.
Зьмітра Солтана пабілі пры затрыманьні, забралі камэру і тэлефон. Цяпер ён у Кастрычніцкім РУУС, на яго афармляюць пратакол.
У Менску адкрылі ўсе станцыі мэтро
З 15:32 раней зачыненыя станцыі мэтро «Акадэмія навук», «Маскоўская» і «Парк Чалюскінцаў» зноў адкрытыя для пасажыраў і працуюць у штатным рэжыме.
Горадня: пратэстоўцы разышліся з Савецкай, там працягвае хадзіць АМАП
Калёны пратэстоўцаў у Менску. Відэа
Сілавікам удалося падзяліць і разгрупаваць пратэстоўцаў па невялікіх вуліцах у раёне Лагойскага тракту. Адзінай калёны ў ходзе маршу сабраць не ўдалося, людзі невялікімі групамі рухаліся да сваёй мэты.
Праваабронцам вядомыя імёны ўжо 31 затрыманага
Праваабаронцам цяпер вядомыя імёны 31 затрыманага на сёньняшніх мірных акцыях у Беларусі, сьпіс дапаўняецца. Зь іх тры ў Горадні, астатнія ў Менску.
На сувязь не выходзіць журналіст і актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок.
Менск: адна з калёнаў падыходзіць да Курапатаў
Адна з калёнаў некалькі хвілінаў таму прайшла МКАД і ўжо падыходзіць да Курапатаў.
Менск: у раёне «Экспабел» – выбухі гранат і стрэлы, пачаліся затрыманьні
У раёне гандлёвага цэнтру «Экспабел» чуваць выбухі гранат і стрэлы. Людзі бягуць ад Курапат праз дарогу.
На паркінгу «Экспабел» цяпер адбываюцца затрыманьні.
Таксама людзей пачалі затрымліваць проста ў полі каля Курапат. Некаторыя пасьпяваюць дабегчы да «Экспабелу».
Некалькі тысяч чалавек стаяць на вуліцы Мірашнічэнкі. Людзей папярэджваюць, што па кальцавой набліжаецца АМАП, людзі спрабуюць схавацца ў дварах.
Затрымалі трох журналістаў «Новага часу», аднаго моцна пабілі
У Менску затрымалі траіх журналістаў газэты «Новы час»: Дзьмітры Дзьмітрыеў (моцна зьбіты, знаходзіцца ў Партызанскім РУУС), Аляксандар Зяньковіч і Яна Трусіла – у Кастрычніцкім РУУС, паведамляе БАЖ.