Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кансультуюся ня ў доктара, а ў таго, хто перахварэў на каранавірус»,— дзяўчына распавядае, як лекуецца ад COVID-19


У беларускім шпіталі падчас пандэміі каранавіруса.Ілюстрацыйнае фота.
У беларускім шпіталі падчас пандэміі каранавіруса.Ілюстрацыйнае фота.

Доктарка з паліклінікі прыйшла на шосты дзень хваробы, у накіраваньні на КТ адмовіла — «хрыпаў» няма. Праз дзень кампутарная тамаграфія, якую дзяўчына зрабіла платна, паказала «шкловідную» пнэўманію. Кантактамі першага ўзроўню наагул ніхто не цікавіцца. Пра сваю гісторыю хваробы на каранавірус распавядае Ірына з Калодзішчаў, што пад Менскам.

Сама зрабіла платны тэст

Ірына рыхтавалася да плянавай апэрацыі. Адной з абавязковых умоваў была наяўнасьць адмоўнага тэсту на каранавірус. Таму дзяўчына яшчэ за 3 тыдні да апэрацыі запісалася на платны тэст.

Яна працуе зь дзецьмі, таму выконвала ўсе захады бясьпекі: насіла маску і пальчаткі. У суботу ўвечары адчула сябе няважна: слабасьць, узьнялася тэмпэратура, была вельмі моцная мігрэнь з ванітамі. Раздражнялі гукі, пахі, сьвятло. Спачатку падумала, што вельмі стамілася, перанэрвавалася. У нядзелю раніцай тэмпэратура была ўжо за 38.

Ірына жыве ў прыгарадзе Менска, у Калодзішчах. Патэлефанавала ў амбуляторыю па месцы жыхарства, ёй адказалі, што выклікаць доктара можна толькі ў панядзелак. У панядзелак дзяўчына пайшла рабіць тэст — у масцы, пальчатках.

Увечары ў яе зьнік нюх. У аўторак зьнік смак. Днём Ірына сама патэлефанавала, каб даведацца пра вынік тэсту, хаця па сымптомах ужо сама ўсё зразумела.

«Мне адказалі, што тэст станоўчы, што паведамілі ўжо ў амбуляторыю па месцы жыхарства, доктар сам зьвяжацца са мной. Чакала доктара ў сераду, у чацьвер — ніхто не прыходзіць. Тэлефанавала сама і ў санстанцыю, і ў амбуляторыю. Казала, што ў мяне пацьверджаны каранавірус. Параілі, калі доктар не ідзе, самой выклікаць доктара на дом. Але ў той дзень ужо позна, званіце заўтра», — распавядае дзяўчына.

Дактары з паліклінікі прыйшлі на шосты дзень пасьля пачатку хваробы

На чацьверты дзень пасьля таго, як захварэла Ірына, усе сымптомы каранавірусу адчуў і яе малады чалавек. На шосты дзень у Ірына зьявілася цяжкая адышка, яна не магла дайсьці нават да прыбіральні, балела грудная клетка.

«Дзьве доктаркі прыехалі толькі ў пятніцу. На мяне «наехалі» ў прамым сэнсе: «Як гэта я сама зрабіла тэст без накіраваньня?» Я зразумела, што сапсавала ім статыстыку, бо ўсім зараз ставяць дыягназ «вострая рэсьпіратарная вірусная інфэкцыя».

Доктарка паслухала мяне, сказалі, нічога страшнага, хрыпаў у лёгкіх няма. Я не магла зрабіць глыбокі ўздых. Потым я ўжо даведалася, што пры шкловіднай пнэўманіі хрыпы не праслухоўваюцца. Я папрасіла накіраваньне на кампутарную тамаграфію. Доктарка сказала, што КТ мне не патрэбна. Я кажу: «А калі я сама зраблю платна?» Доктарка кажа з раздражненьнем: «Вам грошы няма куды дзяваць? Гэта вам не дапаможа» — распавядае Ірына.

Дзяўчына казала доктарцы, што тых, зь кім яна кантактавала, папярэдзіла аб сваім дыягназе. Напісала на аркушы кантакты першага ўзроўню, але доктарка ніяк не прарэагавала, аркушык не ўзяла.

«Я запыталася: што рабіць з кашлем? «Гэта ў вас алергія, купіце антыгістаміннае. Выпісала антыгістамін, сыроп ад кашаля, антыбіётык. Уяўляеце, пры алергіі антыбіётык», — працягвае яна.

Платная КТ паказала «шкловідную» пнэўманію

Нават платна зрабіць кампутарную тамаграфію праблематычна, у камэрцыйных цэнтрах чарга, усё расьпісана на 3 — 4 тыдні наперад. Ірына кажа, што па знаёмству ў пятніцу зрабіла платна КТ, якая паказала, што ў дзяўчыны «шкловідная» пнэўманія. Антыбіётык, які прапісала ўчастковая, Ірыне не падыходзіць.

Працэнт паражэньня лёгкіх стане вядомы толькі ў панядзелак. Зьвярнуліся да платнага лекара, ён выпісаў моцны антыбіётык. У панядзелак зноў пойдзе да платнага лекара.

«Мяне вельмі зьдзіўляе такое халатнае стаўленьне да кавіду ў другую хвалю. Мне падаецца, увесну ставіліся больш пільна і адказна. Атрымліваецца, што я сама дыягнаставала кавід, сама зрабіла тэст, сама дамаглася КТ. За свае грошы. А магла 6 дзён хадзіць і распаўсюджваць вірус далей. Што да бясплатнай мэдыцыны, тут да мяне і прыйсьці не сьпяшаліся, штосьці прапісалі па пратаколу, далі бальнічны на 10 дзён і нават не сказалі, калі наступны раз на прыём. У выніку я цяпер кансультуюся ня ў лекара, а ў таго, хто перахварэў на каранавірус», — падсумоўвае Ірына.

Ірына распавяла што ў яе цёці перадпэнсійнага ўзросту былі такія самыя сымптомы, але тэст ёй наагул не рабілі і паставілі дыягназ — вострае рэсьпіраторнае віруснае захворваньне. 10 дзён яна прабыла на бальнічным і вымушана была выйсьці на працу ў дзіцячы садок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG