Увечары 30 кастрычніка пасля сустрэчы вызваленага пасля 15-сутачнага арышту Аляксандра Бялова каля турмы на Акрэсціна затрымалі група актывістаў анархісцкага руху, паведамляе сайт «Вясны».
Вядома, што сярод затрыманых таксама журналістка Марына Кастылянчанка. Быў затрыманы і толькі вызвалены Аляксандар Бялоў. Па якой прычыне іх затрымалі і на якой падставе — высьвятляецца.
Праваабаронцам вядома, што як мінімум адзін чалавек з затрыманай групы знаходзіцца ў Заводзкім РУУС Менску.
Сярод затрыманых, паводле «Вясны» таксама муж і жонка Аляксандр і Натальля Сенкавец, Улад Машчук, Ларыёнава, Гарбаценка.
Сёньня ў першай палове дня стала вядома, што ў ноч на 29 кастрычніка пры перасячэньні мяжы зь Беларусьсю памежнікі затрымалі былога палітвязьня і актывіста анархісцкага руху Ігара Аліневіча, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ягоным бацькам пра гэта паведамілі з памежнага пераходу ў Ельску. Па словах спадарыні Валянціны, маці Ігара, яны з мужам доўга намагаліся даведацца пра яго далейшае месца знаходжаньня. Спачатку памежнікі казалі, што сына адправілі ў Каленкавічы, аднак у мясцовым аддзяленьні міліцыі ад камэнтароў устрымаліся. Толькі ў канцы ўчорашняга дня стала вядома, што ён нібыта ў Мазыры.