Аляксандар Лукашэнка прадставіў калектыву Міністэрства ўнутраных спраў новага міністра Івана Кубракова і начальніка ГУУС Менска Міхаіла Грыба, перадае БелТА.
«Тут сабралася кіраўніцтва сілавых структур, ад эфэктыўнасьці працы якіх сёньня як ніколі залежыць і стабільнасьць, і дабрабыт нашых людзей, — сказаў Лукашэнка».
Лукашэнка расказаў, што Кубракоў прайшоў шлях ад міліцыянта-кіроўцы аднаго зь менскіх райаддзелаў да начальніка галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму, узначальваў Заслаўскі РАУС, УУС Віцебскага аблвыканкаму.
«Менавіта дзякуючы арганізацыі апэратыўна-службовай дзейнасьці, таго, як граматна былі разьмеркаваныя сілы і сродкі, была гарантаваная бясьпека жыхароў і гасьцей сталіцы, у тым ліку ўдзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў», — адзначыў Лукашэнка.
Ён таксама ўручыў генэральскія пагоны: новаму міністру Івану Кубракову, Юрыю Караеву і Аляксандру Барсукову — генэрал-лейтэнанта міліцыі, Міхаілу Грыбу — генэрал-маёра міліцыі.
Новым міністрам унутраных спраў 29 кастрычніка быў прызначаны Іван Кубракоў, які дагэтуль быў начальнікам ГУУС Менгарвыканкаму.
Былы міністар Юры Караеў стаў памочнікам Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці.
Намесьніка міністраў унутраных спраў Аляксандра Барсукова таксама звольнілі з пасады і прызначылі памочнікам Лукашэнкі па Менску.