Тамару, супрацоўніцу IT-кампаніі, затрымалі разам зь сяброўкай увечары 11 жніўня каля менскага гандлёвага цэнтру «Рыга». Падчас затрыманьня ёй зламалі калена. Прадпрымальнік Вадзім выйшаў раніцай 12 жніўня ў цэнтар Менску з плякатам «Забастоўка». Яго затрымалі і білі ў пастарунку і ў ізалятары на Акрэсьціна.
Цяпер Тамара і Вадзім лечацца ў Чэхіі па праграме Medevac, якую ладзіць Міністэрства ўнутраных спраў гэтай краіны. Гэта праграма мэдычнай эвакуацыі параненых з краінаў, дзе адбываюцца войны, канфлікты і прыродныя катастрофы.
Увага! Некаторыя кадры могуць шакаваць і выклікаць стрэс!
Што яны расказалі, сьцісла:
Тамара:
– АМАП хапаў усіх без разбору. Яны падбеглі да нас і мне адразу ж з разгону ўдарылі па калене.
– Сяброўка дапамагала ісьці ў аўтазак. Я не магла ўжо падняць нагу, дык амапаўцы мяне зацягвалі за валасы.
– Пакуль ехалі, яны білі ў асноўным мужыкоў і казалі сьпяваць у гэты час гімн Беларусі. Аднаму хлопцу, які быў з даўгімі валасамі, амапавец пачаў іх зразаць нажом. Некалькі разоў яго нават, здаецца, парэзаў, бо я бачыла кроў.
– Яны білі і пры гэтым нават не сьмяяліся, а рагаталі ў поўны голас, захлынаючыся ад асалоды.
– Усіх прымусілі стаяць тварам да сьцяны. Я не магла пераносіць вагу на нагу і ў нейкі момант страціла прытомнасьць, пачала падаць, сяброўка мяне падхапіла. Падышоў амапавец і пачаў крычаць нешта кшталту: «Захацелася свабоды? У ніводнай іншай краіне ты б не змагла спакойна хадзіць зь сінімі валасамі па вуліцы!». Я шмат падарожнічала, і нікога не зьдзіўлялі яркія валасы, акрамя нашага АМАПу «гераічнага». Ён пару разоў «прыклаў» мяне галавой аб сьценку.
– На судзе я прасіла аказаць мне мэдычную дапамогу, а мне сказалі: «Дык табе ўжо аказалі».
– Калі зрабілі апэрацыю, дактары моцна мацюкаліся, – сказалі, што калена было «ў кашу», а самае цяжкае, што суткі не давалі мэдычную дапамогу і ўсе тканкі прасяклі крывёй.
– Мне расказвалі, што ў Чэхіі вельмі добра працуюць зь пераломамі і каленямі... Празь месяц мне маюць зрабіць яшчэ адну апэрацыю.
– Беларуская дыяспара тут дапамагае і рэчамі, і нечым смачным, і падтрымкай. Кранае, колькі сярод беларусаў цяпла, пяшчоты, узаемадапамогі. Гэта шакуе ў добрым сэнсе. Нездарма цяпер кажуць «Мы ня ведалі адно аднаго да гэтага лета».
– Людзі сталі вельмі адкрытымі і блізкімі. Сапраўды відаць, як зьяўляецца нацыя, якая стаіць сьпіной да сьпіны, плячом да пляча.
Вадзім:
– Пачалі выбіваць пароль тэлефона, прыціснулі калена да зямлі і сказалі: «Ты ў любым выпадку нам скажаш, гэта пытаньне часу».
– Цябе ставяць на вельмі шырокую расьцяжку да сьцяны, галавой аб сьцяну, рукі ўгару шырока разьвесьці далонямі назад. Калі ў цябе пачынаюць апускацца рукі, да цябе могуць падысьці і пачаць біць.
– Некалькі чалавек з пакетамі на руках пачалі састрыгаць валасы... Проста выскубваць па цэнтры.
– У мяне адабралі байку. Калі я пачаў мерзнуць і папрасіў вярнуць, мяне аблілі халоднай вадой з бутэлькі і сказалі: «Калі будзе яшчэ холадна, ты пакліч».
– Нас пасадзілі на калені галавой у зямлю. У мяне з каленам і так былі праблемы, плюс па калене некалькі разоў білі дубінкай, таму было неверагодна балюча так стаяць.
– Ня ведаю хто там выклікаў мэдыкаў. На той момант маё левае сьцягно было ў два разы большае, чым павінна быць... У выніку мяне забралі ў Бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі.
– Гематомы паціху праходзілі, а вось з каленам у Беларусі не атрымлівалася даць рады.
– Мясцовыя беларусы хочуць нам дапамагчы неяк інтэгравацца. Вельмі адчуваецца гэтая дапамога, клопат.