Рабочага «Атланта» Віктара Манкевіча, які сёньня днём падняўся на комін на тэрыторыі заводу зь бел-чырвона-белым сьцягам, даставілі ў Навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя ў Менску, піша Tut.by.
У тэлеграм-канале «Сьпісы затрыманых» зьявілася інфармацыя, што ў Цэнтральнае РУУС Менску даставілі поўнага цёзку завадчаніна, а затым брыгада хуткай дапамогі перавезла яго ў РНПЦ. Ва УУС Менгарвыканкаму гэтую інфармацыю пацьвердзіць не ўдалося.
У Навукова-практычным цэнтры псыхічнага здароўя паведамілі, што каля 16.20 да іх паступіў мужчына з такім прозьвішчам і імем, як у завадчаніна. Афіцыйна гэта пацьвердзіць не ўдалося, але факт, што Манкевіч трапіў у РНПЦ, пацьвердзілі яго сябры і знаёмыя.
Ранкам рабочы залез на комін заводу зь бел-чырвона-белым сьцягам і запісаў зварот да Лукашэнкі.
У звароце гаворыцца:
«Я, рабочы заводу „Атлант“, Манкевіч Віктар Анатолевіч, прызнаю сваім прэзыдэнтам Сьвятлану Ціханоўскую і нагадваю Аляксандру Рыгоравічу аб выстаўленым ультыматуме. Вы павінны абвясьціць пра свой сыход, вы павінны спыніць гвалт, вы павінны вызваліць усіх палітычных вязьняў. Не разбурайце нашу краіну! Калі ў вас ёсьць нешта чалавечае, калі вы сапраўды дзесьці перажываеце за Беларусь — ідзіце, ідзіце зараз, пакуль ня позна!»
Манкевіча зьнялі з коміна, перадалі міліцыі. Тых, хто сабраўся выказаць яму падтрымку, сілавікі разагналі.