28 кастрычніка Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі паведаміў пра адмену ўсіх спэктакляў і канцэртаў у малой залі з 29 кастрычніка па 20 лістапада.
«Дарагія гледачы! У сувязі са складанай эпідэміялягічнай сытуацыяй з 29 кастрычніка па 20 лістапада ў Вялікім тэатры Беларусі адмененыя спэктаклі, а таксама канцэрты ў малой залі. Усе квіткі падлягаюць вяртаньню. Прыносім свае выбачэньні. І дзякуй за разуменьне! Беражыце сябе і сваіх блізкіх!» — напісалі ў афіцыйным тэлеграм-канале тэатру.
27 кастрычніка ў Опэрным тэатры прайшла незвычайная акцыя салідарнасьці: пасьля трэцяга званка, перад пачаткам спэктакля, калі ў залі згасла сьвятло, аркестар тэатру ўстаў і пачаў гаварыць:
«У гэты пераломны момант, калі ў нашай краіне адбываецца беззаконьне і несправядлівасьць, мы ня можам маўчаць. Мы не разумеем, як мы можам граць, сьпяваць, танцаваць, калі ў гэты час нашых знаёмых, блізкіх зьбіваюць, затрымліваюць і страляюць...»
Нехта ў залі сказаў «Устаньце, людзі, устаньце!», заля выбухнула аплядысмэнтамі і заскандавала «Жыве Беларусь!», а гледачы, у ліку якіх былі і прафэсіяналы, пачалі сьпяваць.