Віцебскіх лекараў, якія запісалі відэазварот да ўладаў і народу Беларусі, пракуратура папярэдзіла аб «недапушчальнасьці публічнай дыскрэдытацыі органаў улады, скажэньня грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, ажыцьцяўленьня іншых дзеяньняў, здольных пацягнуць прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі».
Інакш іх могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Пра гэта Tutu.by паведамілі самі мэдработнікі.
16 лекараў зь Віцебску запісалі зварот да ўладаў і народу. У ім яны патрабуюць расказаць праўду пра COVID-19, прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў МУС, якія перавысілі свае паўнамоцтвы, і спыніць перасьлед людзей з палітычных матываў.
Відэа зьявілася ў інтэрнэце ў нядзелю, 18 кастрычніка. 22 кастрычніка мэдыкам пачалі прыходзіць позвы ў гарадзкую пракуратуру.
«Два дні мы хадзілі ў пракуратуру. З намі праводзілі гутарку і давалі падпісаць папярэджаньне аб «недапушчальнасьці падрыхтоўкі да ўчыненьня супрацьпраўных дзеяньняў», — паведамілі лекары.
Пракуратура, у прыватнасьці, паведамляе мэдработнікам, што ў роліку, які яны запісалі, «зьмяшчаюцца недакладныя зьвесткі аб прававым становішчы» беларусаў, «якія дыскрэдытуюць краіну і яе органы ўлады». Наглядны орган таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў роліку фігуруе бел-чырвона-белы сьцяг з гербам «Пагоня» — «сымбалі, якія не зьяўляюцца ў адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам дзяржаўнымі сымбалямі Рэспублікі Беларусь».
«Падобныя дзеяньні парушаюць палажэньні Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Беларусі, Закону аб СМІ і зьяўляюцца недапушчальнымі», папярэджвае пракуратура.