На нарадзе па падрыхтоўцы шостага Ўсебеларускага народнага сходу Лукашэнка заявіў, што гэта ён аддаў загад разганяць удзельнікаў акцыі пратэсту на вуліцы Арлоўскай у Менску 25 кастрычніка.
Паводле Лукашэнкі, удзельнікам пратэсту «патрэбна была карцінка», і калі гэтага не атрымалася ў цэнтры гораду, яны пайшлі ў спальныя раёны.
— Гэта што, нармальна, калі натоўп п’яны, ашалелы, праколаты наркотыкамі, пракураны і прапіты — сотні чалавек рынуліся ў гэтыя раёны. Што трэба было рабіць міліцыі? Гэта быў мой загад, каб засьцерагчы людзей. Пачалі ўскрываць кватэры, рынуліся туды, прыйшлося з кватэр выцягваць гэтых наркаманаў, — прыводзіць яго словы Tut.by.
Раней кіраўнік менскай міліцыі Кубракоў заявіў, што сілавікі прынялі «меры па спыненьні супрацьпраўных дзеяньняў» — пратэстоўцы нібыта напалі на Цэнтральнае РУУС Менску, пачалі кідаць камяні ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
У сеціве зьявілася відэа, як невядомыя людзі ў масках пагражаюць удзельнікам шэсьця, якія схаваліся ў адной з кватэраў, і б'юць іх. Гаспадыня пазьней расказала журналістам, што ўпусьціла іх самастойна, каб ратаваць ад сілавікоў.