Гаспадарчы суд Кіева пастанавіў спагнаць зь беларускага ТАА «ЭнэргаСпэцАрматура» больш як 1 мільён беларускіх рублёў запазычанасьці за пастаўку ў 2019 годзе арматуры для будаўніцтва Беларускай АЭС.
У выніку разгляду дзьвюх «даўгавых» справаў грошы будуць спагнаныя на карысьць украінскага пастаўніка — прыватнай кампаніі «Київське центральне конструкторське бюро арматуробудування».
Апроч таго, беларуская кампанія мусіць кампэнсаваць яшчэ і судовыя выдаткі — больш як 167 тысяч грыўняў (15,2 тысячы беларускіх рублёў у эквіваленце).
Пасьля адкрыцьця першай справы ў студзені беларускае прадпрыемства пачало разьлічвацца з украінскім пастаўніком, і суд прыпыніў разгляд. Першая справа была адкрыта ў выніку невыкананьня абавязкаў паводле кантракту, падпісанага ў сьнежні 2018 году.
У ліпені 2020-га разьлікі спыніліся і суд адкрыў яшчэ дзьве справы аб спагнаньні запазычанасьці паводле іншага кантракту, падпісаным у лютым 2018-га. Як і папярэдні, ён прадугледжваў аплату паслуг цягам 175 дзён ад даты адгрузкі.
Прадукцыю паставілі ў Беларусь у красавіку 2019 году, адпаведна разьлічыцца за яе «ЭнэргаСпэцАрматура» мусіла да сярэдзіны кастрычніка таго ж году.
Паводле кантракту плацілі расейскімі рублямі. Беларускае прадпрыемства можа абскардзіць пастановы суду ў апэляцыйным парадку цягам 20 дзён. У выпадку адмовы ад апэляцыі рашэньне набудзе моц 9 лістапада.