На плошчы Незалежнасьці каля Дома ўраду рабочыя разьбіраюць сцэну, якую ўстаўлёўвалі ўчора. «Такое ўказаньне», — сказалі яны.
Сёньня стала вядома, што заплянаваны на 25 кастрычніка ў Менску праўладны мітынг «у падтрымку міру, дабра і росквіту Беларусі» скасавалі.
Лукашэнка сказаў, што гэта ён параіў не збіраць людзей у Менску.
«Я сёньня пазваніў прэмʼер-міністру і кажу: Раман Аляксандравіч [Галоўчанка], зьбяры людзей, губэрнатараў і іншых, парайцеся. На ня трэба ў Менск зьбіраць людзей. Гэта будзе каляпс. Мы паралізуем цалкам Менск».
«Чалавек едзе Бацьку падтрымаць, але ён жа Бацьку хоча і пабачыць. А як ён пабачыць? Я думаў, выступлю на Кастрычніцкай плошчы. Ну 15 тысяч мяне пабачаць».
«І галоўнае — мы не забясьпечым бясьпеку людзей. Вось што галоўнае. Мы ўжо атрымліваем гэтую інфармацыю. Гэта мяне насьцярожвае. Я не баюся, але мяне насьцярожвае. Адзін выбух недзе ў натоўпе, і людзі пачнуць ціснуць, як на Нямізе», — цытавала Лукашэнку БелТА.
Раней паведамлялі, што людзі ў рэгіёнах адмаўляюцца ехаць на праўладную акцыю, адпаведна не ўдаецца сабраць патрэбнай колькасьці мітынгоўцаў. Тым часам сцэны на праспэкце Пераможцаў і на плошчы Незалежнасьці дэмантавалі.