Грамадзянская ініцыятыва «Союз» мае намер стварыць палітычную партыю, якая будзе выступаць за беларуска-расейскую інтэграцыю. Як паведамляюць naviny.by, 18 кастрычніка ў Менску адбылося пасяджэньне арганізацыйнага камітэту па заснаваньні палітычнай партыі «Союз».
«У склад аргкамітэту ўвайшлі парадку сарака кіраўнікоў грамадзкіх аб'яднаньняў, палітолягаў, прадстаўнікоў прафэсарска-выкладчыцкага корпусу і працоўных калектываў, публіцыстаў, прадпрымальнікаў, юрыстаў, моладзевых лідэраў з розных рэгіёнаў краіны», – паведамляецца на сайце ініцыятывы.
Старшынём прэзыдыюму аргкамітэту абралі Сяргея Лушча, лідэра прарасейскай моладзевай арганізацыі «Русь молодая», якая працуе ў Беларусі з 2011 году.
«РуМол» зьяўляецца адэптам канцэпцыі рускага сьвету. У статуце арганізацыі сярод мэтаў прапісана «садзейнічаньне яднаньню народаў і дзяржаў славяна-рускага арэалу», а таксама «пабудова глябальнай безбарʼернай расейскамоўнай прасторы, заснаванай на адзінай гісторыка-культурнай і духоўнай традыцыі».
Сяргей Лущ рэгулярна выступае на старонках сайтаў прамаскоўскай прапагандысцкай сеткі.
Выступаючы перад удзельнікамі сходу, Лушч акцэнтаваў увагу на «важнасьці рэалізацыі праекту Саюзнай дзяржавы як адзіна магчымага геапалітычнага выбару Беларусі; на неабходнасьці прызнаньня Крыму расейскай тэрыторыяй, сувэрэнітэту Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі».
На сайце ініцыятывы «Саюз» сказана, што гэта «добраахвотнае абʼяднаньне грамадзян і юрыдычных асоб Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь для сумеснай дзейнасьці, накіраванай на ўмацаваньне Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі».
У Беларусі палітычныя партыі не рэгістраваліся з 2000 году. Міністэрства юстыцыі ўсім адмаўляла, у асноўным па фармальных прычынах.