19 кастрычніка суд Ленінскага раёну Берасьця вынес рашэньне ў справе былой супрацоўніцы аддзелу ідэалёгіі гарвыканкаму Вікторыі Драгабецкай і яе мужа Дзьмітрыя Лазарчука.
Абаіх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і пакаралі 15 суткамі арышту кожнага, паведамляе Tut.by.
Да матэрыялаў справы быў прыкладзены відэазапіс з маршу пратэсту 13 верасьня. На кадрах бачна, як Драгабецкая і Лазарчук ідуць па праспэкце Машэрава.
Вікторыя патлумачыла, што ў той дзень яны з мужам гулялі ў цэнтры гораду, а калі ўбачылі ўдзельнікаў маршу, вырашылі паглядзець, што адбываецца.
Затрымалі іх больш як празь месяц: спынілі 16 кастрычніка на выхадзе з Дома правасудзьдзя, куды яны прыехалі падтрымаць знаёмага — яго судзілі па тым жа артыкуле 23.34 КаАП. Выходныя Вікторыя і Дзьмітры правялі ў ІЧУ Ленінскага РАУС, а ў панядзелак іх даставілі ў суд.
Падчас паседжаньня прагучалі станоўчыя характарыстыкі Вікторыі зь мінулых месцаў працы — «Буг-ТБ» і Берасьцейскага гарвыканкаму. Таксама да матэрыялаў прыклалі грамату за падрыхтоўку імпрэзаў у рамках 1000-годзьдзя гораду.
Аднак усе ранейшыя заслугі гарадзкога ідэоляга суд праігнараваў.