Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць выпадкаў COVID-19 у сьвеце перавысіла 40 мільёнаў


Лік пацьверджаных выпадкаў інфікаваньня каранавірусам у сьвеце перавысіла 40 мільёнаў — гэта вынікае з дадзеных амэрыканскага ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза.

На першым месцы паводле ліку выяўленых выпадкаў інфэкцыі ЗША — больш за 8 мільёнаў, на другім — Індыя (7.5 мільёнаў), на трэцім — Бразылія (5 мільёнаў), на чацьвёртым — Расея (1.4 мільёна).

Больш за 1,1 мільёна чалавек па ўсім сьвеце памерлі ад каранавіруснай інфэкцыі. Напярэдадні паведамлялася пра тое, што колькасьць сьмерцяў у Эўропе (уключаючы Расею) перавысіла чвэрць мільёна.

У апошнія тыдні зноў аднавіўся рэзкі рост колькасьці інфікаваных у Эўропе. У многіх краінах за суткі іх выяўляецца больш, чым вясной. Краіны зноў уводзяць карантынныя абмежаваньні, імкнучыся пры гэтым, аднак, не паралізаваць эканоміку.

У Францыі абвясьцілі начную камэнданцкую гадзіну; на такую самую меру пайшлі і ўлады Бэльгіі і Славеніі. У Аўстрыі сёньня абвясьцілі — усьлед за шэрагам іншых краін — аб абмежаваньні колькасьці людзей, якія могуць зьбірацца разам (у закрытым памяшканьні іх можа быць ня больш за шэсьць). У некаторых краінах, напрыклад у Чэхіі, закрытыя рэстараны, установы культуры, а школы пераведзеныя на дыстанцыйнае навучаньне.

У Беларусі афіцыйная колькасьць штодзённых захворваньняў сёньня крыху зьменшылася: апошнія 5 дзён яна перавышала 600, учора складала 635, сёньня — 592.

Афіцыйная агульная колькасьць памерлых ад каранавірусу ў Беларусі на сёньня складае 933 чалавекі.

Лічбы памерлых у эўрапейскіх краінах прыкладна роўных паводле колькасьці насельніцтва Беларусі (каля 10 мільёнаў чалавек) вельмі вар’ююцца. У Бэльгіі памерлі 10 413 чалавек, у Швэцыі — 5918 чалавек, у Партугаліі — 2181 чалавек, у Чэхіі — 1422 чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG