Палітоляга і аўтара расейскай «Новай газеты» Віталя Шклярава адпусьцілі зь менскага СІЗА № 1 пад асабістую паруку палітоляга Юрыя Васкрасенскага.
Пра гэта «Новай газеце» паведаміў сам Васкрасенскі, інфармацыю пацьвердзіў і адвакат Шклярава Антон Гашынскі. Шкляраву зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт.
Дзе цяпер знаходзіцца Віталь Шкляраў, невядома, — паведаміў адвакат Шклярава Антон Гашынскі. Сёньня ранкам адвакат зьвярнуўся ў СІЗА, там адвакату паведамілі, што ў СІЗА Шклярава ўжо няма, бо яму «зьмянілі меру стрыманьня».
Зьвязацца з самім Шкляравым адвакату не ўдалося. Для пацьверджаньня інфармацыі аб зьмене меры стрыманьня падабароннаму Антон Гашынскі зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт. Там, паводле яго, спачатку зьмену не пацьвердзілі, аднак пасьля паведамілі, што сапраўды Шкляраў будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Дзе і на якіх умовах Шкляраў будзе адбываць хатні арышт, адвакату таксама яшчэ невядома. Сувязі зь ім у адваката няма.
«Сёньня на 13.00 прызначаныя сьледчыя дзеяньні з удзелам Віталя Шклярава і маім як адваката», — паведаміў Гашынскі. — Магчыма, там агучаць умовы хатняга арышту".
Раней зь сьледчага ізалятару КДБ выпусьцілі на волю бізнэсоўца і сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага і дырэктара менскага офісу кампаніі PandaDoc Дзьмітрыя Рабцэвіча. Гэта адбылося пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітзьняволенымі 10 кастрычніка. Пазьней на хатні арышт перавялі зьняволенага адваката Ільлю Салея.
Хто такі Віталь Шкляраў
Палітвязень Віталь Шкляраў, палітычны аналітык з Вашынгтону з падвойным грамадзянствам — Беларусі і ЗША — быў арыштаваны ў канцы ліпеня ў Гомлі, дзе адведваў пажылых бацькоў. Яму закідаюць рыхтаваньне да парушэньня грамадзкага парадку. За кратамі ён перахварэў на каранавірус.
Шкляраву 44 гады. Як ён сам сябе пазыцыянаваў — «амэрыканскі, нямецкі і расейскі палітычны кансультант, паліттэхноляг, дарадца выбарчых кампаніяў Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ангелы Мэркель, Ксеніі Сабчак». Жонка Шклярава — грамадзянка ЗША, дыплямат, працуе ў амбасадзе ЗША ў Кіеве.
Ён браў удзел у сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка.
ЗША актыўна дамагаліся ад уладаў Беларусі вызваленьня Віталя Шклярава.