Сёлета адзначалася 120-годзьдзе паэта, які памёр у ссылцы ва ўзросьце 33 год.
Вуліца імя Ўладзімера Жылкі зьявілася ў заходняй частцы Нясьвіжу, дамоў там пакуль няма, але падведзена электрычнасьць, пракладваюць камунікацыі і чакаюць пачатку будаўніцтва прыватных дамоў.
Уладзімер Жылка нарадзіўся ў 1900 годзе ў Макашах, цяпер Нясьвіскага раёну. У 1917-м далучыўся да нацыянальна-незалежніцкага руху. У 1923-м паступіў у Праскі ўнівэрсытэт, але праз тры гады вярнуўся ў Беларусь. У 1931-м арыштаваны і асуджаны ў фальшывай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», яго пакаралі на пяць гадоў ссылкай, якую ён адбываў у Вяцкай вобласьці. У 1933-м памёр ад сухотаў, пражыўшы 33 гады. Рэабілітаваны падчас хрушчоўскай адлігі.
Вуліцу ягоным імем назвалі пасьля звароту сяброў ТБМ да дэпутатаў Нясьвіскага раённага савету.