Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьбіраемся выжыць – і жыць насуперак вам». Ганна Севярынец напісала верш пра беларускія пратэсты


Пратэст у Менску 11 кастрычніка 2020
Пратэст у Менску 11 кастрычніка 2020

Пісьменьніца, дасьледніца літаратуры, настаўніца і блогерка Ганна Севярынец апублікавала ў сваім Фэйсбуку верш пра цяперашнія падзеі ў Беларусі.

Можа, і ёсьць канстытуцыі, што пішуцца не на вуліцах.
Над іхнымі фармулёўкамі плыве кабінэтны пах.
А нашая канстытуцыя ў дварах і на лесьвіцах туліцца,
На дахах, на вежах, на комінах, на стэлах і на мастах.
Над нашае канстытуцыяй сухі і гарачы вецер:
«Не забі», «не хлусі», «не лжэсьведчы», «блізкага – палюбі».
У ёй сьвішча і б’е наводмаш туга гефсіманскага вецьця:
На што ты пакінуў, ойча? На што ты мяне пакі…
Няшмат на крыжовым дрэве месца для канстытуцый.
Тут пішацца хутка і ёміста, у напрузе дрыжыць рука:
«Ня бойся», «ня плач», «не выпрошвай», «не спрабуй азірнуцца»,
«Ня кідай адных таварышаў», «цісьні ў машыне гудка».
Можа, у вас – на паперы. У нас – на бінтах і кашулях.
Па беламу-беламу полю чырвонаю паласой,
Па тратуарнай плітцы, па трансфарматарнай будцы,
Па плоце вакол Акрэсьціна, па лёджыях у Баравой.
І вам не зьлічыць галгофаў, паўстаньняў і рэвалюцый,
Як не зьлічыць ніколі вачніц курапацкіх ям,
Дзе мы напісалі навечна артыкулы Канстытуцыі,
Па якой мы зьбіраемся выжыць – і жыць насуперак вам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG