Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўжо выдалі першыя біямэтрычныя пашпарты і ID-карткі


ID-картка
ID-картка

У Беларусі ўжо выдалі першыя ўзоры біямэтрычных пашпартоў і ID-картак, сказаў Tut.by начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. Паводле яго, плянуецца, што ад 2021 году аформіць біямэтрычныя дакумэнты зможа любы ахвотны.

Добраахвотнікі, на якіх тэстуюць сыстэму, ужо атрымалі «першыя ўзоры біямэтрычных дакумэнтаў, ідзе адладка адпаведнага абсталяваньня, — сказаў Аляксей Бягун. — У экспэрымэнце ўдзельнічаюць людзі, якія прыходзяць у падразьдзяленьні (па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі. — РС). У іх пытаюцца згоды, іх фатаграфуюць і накіроўваюць адпаведныя дадзеныя».

Пробныя дакумэнты выдаюць у Менску і Менскай вобласьці.

Са студзеня 2021 году атрымаць ID-карту і біямэтрычны пашпарт зможа любы беларус. Для гэтага спачатку трэба будзе зьвяртацца ў тэрытарыяльнае падразьдзяленьне па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі, а пры другім звароце — у любое падразьдзяленьне. Плянуецца, што выдаваць іх будуць хутчэй, чым папяровыя дакумэнты, але пакуль невядома, наколькі.

Раней МУС расказвала, як будуць працаваць біямэтрычныя пашпарты і ID-карты. Унутраным дакумэнтам будзе ID-карта, дакумэнтам для выезду за мяжу — біямэтрычны пашпарт. Пры гэтым можна будзе атрымаць два біямэтрычныя пашпарты: калі адзін застанецца ў амбасадзе для афармленьня візы, па другім можна будзе выехаць за мяжу.

У ведамстве адзначалі, што зь біямэтрычнымі дакумэнтамі лягчэй будзе атрымаць цэлы комплекс дзяржаўных паслуг. Так, уладальнік ID-карты зможа атрымаць у інтэрнэце розныя даведкі і дакумэнты, якія будуць мець такое самае юрыдычнае значэньне, як і дакумэнты, атрыманыя ў дзяржорганах пры асабістым візыце.

Біямэтрычныя пашпарты і ID-карткі раней плянавалі пачаць выдаваць у Беларусі яшчэ ў 2019 годзе, але тэрміны некалькі разоў пераносілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG