Сьвятлана Ціханоўская мяркуе, што беларусы ня стануць настойваць на прыцягненьні Аляксандра Лукашэнкі да крымінальнай адказнасьці ў выпадку яго добраахвотнага сыходу з пасады.
«На гэты конт ёсьць розныя меркаваньні. Шмат хто хоча, каб яго судзілі. Але я думаю, што большасьць проста дасьць яму сысьці, калі ён пакіне нас у спакоі. Я лічу, пытаньне патрабуе дыялёгу», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская падчас брыфінгу ў Бэрліне.
Пры гэтым падкрэсьліла, што асабіста яна наўрад ці зможа дараваць Аляксандру Лукашэнку. Яе муж, відэблогер Сяргей Ціханоўскі, ад канца траўня знаходзіцца ў зьняволеньні, праз пагрозы дзецям яе вымусілі зьехаць зь Беларусі.
«У мяне два погляды на гэта — як асобы і як нацыянальнага лідэра. Я не магу дараваць яму як асоба. Аднак, як нацыянальны лідэр, я павінна прыняць рашэньне, якое паўплывае на гісторыю нашай краіны», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Лукашэнка не разумее свой народ, ня хоча чуць яго волю. Калі і праўда хоча ведаць, каго вінаваціць, яму варта паглядзець у люстэрка, падсумавала Сьвятлана Ціханоўская.