5 кастрычніка ў Менску прайшоў «Марш пэнсіянэраў». Удзельнікі маршу сабраліся на плошчы Незалежнасьці і рушылі па праспэкце.
Яны трымаюць у руках плякаты «Пэнсіянэры за перамены», «Не — генацыду беларускага народу», «Ня веру Лукашэнку, БТ і RT, веру сваім дзецям і Сьвятлане Алексіевіч», «Пэнсіянэры супраць усялякага беззаконьня, гвалту і хлусьні» і іншыя. Удзельнікі акцыі скандуюць «Сумленныя выбары» і «Жыве Беларусь», «Нашы гады́ — сіла», «Верым, можам, пераможам», «Сыходзь!» і іншыя лёзунгі.
Удзельнікі прайшлі маршам па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Перамогі і павярнулі ў бок Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Яны прыйшлі да МДЛУ, каб падтрымаць студэнтаў. Нейкі час пэнсіянэры стаялі ля ўнівэрсытэту і скандавалі «Бабулі за вас!» і «Жыве Беларусь!», размаўлялі са студэнтамі, зычылі ім вучыцца на дзясяткі.
Пасьля калёна пайшла далей па праспэкце Незалежнасьці. На плошчы Якуба Коласа калёна праскандавала «Кожны панядзелак», і людзі пачалі разыходзіцца.