Вашынгтон будзе выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы для прыцягненьня да адказнасьці тых, хто падрывае дэмакратычныя прынцыпы ў Беларусі, заявіў у пятніцу дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо.
«ЗША будуць выкарыстоўваць усе магчымыя для нас інструмэнты для таго, каб прыцягнуць да адказнасьці тых, хто мае намер падарваць дэмакратыю», — напісаў Пампэо ў сваім твітэры.
Ён падкрэсьліў, што Дзяржаўны дэпартамэнт вітае рашэньне Міністэрства фінансаў ЗША аб увядзеньні санкцыяў для шэрагу беларускіх афіцыйных асобаў.
«Мы вітаем санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША для афіцыйных асобаў рэжыму Беларусі за іхную ролю ў фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня і наступным жорсткім здушэньні пратэстаў», — заявіў Пампэо.
У пятніцу Міністэрства фінансаў ЗША паведаміла, што Вашынгтон уводзіць санкцыі супраць васьмёх высокапастаўленых прадстаўнікоў уладаў Беларусі.
Усяго пад санкцыі трапілі восем чалавек, сярод іх кіраўнік МУС Юры Караеў, намесьнік кіраўніка МУС і камандуючы ўнутранымі войскамі Юры Назаранка, намесьнік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Хазалбек Атабекаў, камандзір менскага АМАП Дзьмітры Балаба.
Згодна з заявай міністэрства, блякуецца ўся «ўласнасьць і маёмасныя інтарэсы вышэйзгаданых асобаў і арганізацыяў, якімі проста ці ўскосна валодае кожны зь іх і якая знаходзіцца ў ЗША або пад кантролем ЗША».
Міністэрства адзначае, што дзеяньні Вашынгтону прынятыя «ў каардынацыі зь міжнароднымі партнэрамі — Злучаным Каралеўствам, Канадай і Эўрапейскім Зьвязам, каб прадэманстраваць салідарнасьць міжнароднай супольнасьці ў падтрымцы беларускага народу, які выступае супраць падманных і жорсткіх дзеяньняў з боку ўраду Беларусі ».
Раней у пятніцу дадатковыя індывідуальныя санкцыі для беларускіх афіцыйных асобаў зацьвердзіла Рада ЭЗ. У санкцыйны сьпіс ўключаныя 40 чалавек, у тым ліку вышэйназваныя.
Іх у Эўразьвязе лічаць датычнымі да фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня і гвалту над маніфэстантамі падчас мірных пратэстаў.