У менскі шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі 29 верасьня паступіў мужчына зь менскага ізалятару на завулку Акрэсьціна. Пацярпелы — Дзяніс Кузьняцоў, яму 41 год, паведамляе «Эўрарадыё».
«Ён ляжыць у нас у рэанімацыі. Прыбыў з Акрэсьціна. Стан яго цяжкі, без прытомнасьці, на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх», — пацьвердзіў «Эўрарадыё» доктар шпіталя на ўмовах ананімнасьці.
У закрытым тэлеграм-чаце мэдыкаў «Белые халаты» паведамляюць, што ў мужчыны пераломы касьцей чэрапа, субдуральныя двухбаковыя гематомы, адкрытая чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені, пераломы 3–12 рэбраў справа, гематоракс справа, удар лёгкага, аскепкавыя пераломы правай клубавіцы, забрухавінная гематома. З словаў дактароў, пры паступленьні пацыента ім сказалі, што мужчына ўпаў з другога паверху нараў, сьцьвярджае выданьне.
Фота з дыягназам пацыента з Акрэсьціна апублікаваў «Белсат»:
«Еўрарадыё» зьвязалася з блізкімі Кузьняцова. Спачатку яны пацьвердзілі, што мужчына трапіў з ізалятара ў бальніцу. Але потым сказалі, што ўдакладнілі інфармацыю — гаворка не пра іх сваяка, а пра яго цёзку.
Пасьля жорсткага разгону пратэстаў 9-12 жніўня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі дзясяткі затрыманых, якія трапілі на Акрэсьціна, пасьля выхаду скардзіліся на катаваньні з боку сілавікоў.
Заявы па факце прымяненьня гвалту з боку праваахоўнікаў падалі ў Сьледчы камітэт больш за 600 чалавек. У пачатку верасьня ААН заявіла пра 450 задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня зь людзьмі, затрыманымі пасьля выбараў 9 жніўня ў Беларусі.