Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Святлана Ціханоўская зрабіла шэраг палітычных заяваў у інтэрвію францускай радыёстанцыі RTL.
«Мы дзякуем тым, хто ўжо прыняў санкцыі. І заклікаем тых, хто хоча зрабіць гэта, але пакуль не рашаецца, перайсьці да дзеяньняў і дапамагчы нам у нашай барацьбе», — сказала яна ў этэры францускай радыёстанцыі RTL.
Ціханоўская адзначыла, што апазыцыі вельмі дапамаглі б санкцыі Эўразьвязу супраць уладаў Беларусі. «Мы і так ужо занадта доўга гэтага чакаем», — дадала яна.
На яе думку, піша Інтэрфакс, гэткія абмежавальныя захады неабходныя для аказаньня большага ціску на Менск. Кажучы пра сытуацыю ў Беларусі, яна запэўніла, што акцыі пратэсту апазыцыі будуць працягвацца. «Дэманстрацыі будуць праводзіцца столькі, колькі спатрэбіцца», — сказала Ціханоўская, адказваючы на пытаньне аб тым, ці не баіцца яна, што яе прыхільнікі выдыхнуцца і спыняць барацьбу супраць уладаў.
У канцы верасьня Канада і Вялікабрытанія паведамілі, што ўводзяць пэрсанальныя санкцыі супраць прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу высокапастаўленых афіцыйных асобаў.
Пытаньне аб санкцыях абмяркоўваецца і ў ЭЗ.
У канцы жніўня Латвія, Літва і Эстонія апублікавалі санкцыйны сьпіс, а на мінулым тыдні краіны Балтыі пашырылі яго.
Пуцін мог бы быць пасярэднікам ва ўрэгуляваньні беларускага крызісу
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін мог б адыграць ролю пасярэдніка ва ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, таксама заявіла Святлана Ціханоўская падчас інтэрвію.
«Было б добра, калі б прэзыдэнт Макрон пераканаў прэзыдэнта Пуціна ўзяць удзел у гэтых перамовах у якасьці пасярэдніка», — сказала яна.
Далей Ціханоўская патлумачыла, што, на яе думку, усе суседзі Беларусі могуць аказаць такую дапамогу і ўзяць на сябе ролю пасярэднікаў.
Сьвятлана Ціханоўская сказала, што разлічвае на наступным тыдні правесьці сустрэчу з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель.
«Мы плянуем сустрэчу на наступны тыдзень. У пятніцу гэта павінны анансаваць», — заявіла Ціханоўская.