30 верасьня суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў Тацяну і Канстанціна Севярынцаў вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП), паведамляе «Віцебская вясна».
Судзьдзя Міхаіл Юрчанка расцаніў маханьне бел-чырвона-белым сьцягам зь лёджыі як несанкцыянаванае пікетаваньне і прыняў рашэньне аштрафаваць Тацяну Севярынец на 25 базавых велічынь (675 рублёў), а яе мужу Канстанціну вынес папярэджаньне, бо для яго гэта была першая за год адміністрацыйная справа.
30 жніўня Тацяна і Канстанцін Севярынцы разам з блогеркай Аленай Янушкоўскай зь лёджыі сваёй кватэры на 8-м паверсе віталі бел-чырвона-белым сьцягам калёну ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці, якая ішла па праспэкце Будаўнікоў.
Згодна з пратаколам, Тацяна Севярынец «знаходзілася ў грамадзкім месцы — на лёджыі ў сваёй кватэры — і на вачах у іншых грамадзян брала актыўны ўдзел у пікетаваньні: выказвала грамадзка-палітычныя інтарэсы з выкарыстаньнем бел-чырвона-белага палотнішча, зьвяртала на сябе ўвагу мінакоў, дэманстравала жэсты рукамі».
Судзьдзя Міхаіл Юрчанка запытаў, ці зьвярталася актывістка ў адміністрацыю па дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства, чым выклікаў сьмех у залі.
«Як гэта зразумець? Што грамадзкае месца — гэта мая кватэра? Я мусіла бегчы ў адміністрацыю Першамайскага раёну і прасіць дазволу выйсьці на лёджыю? Якое можа быць пікетаваньне ва ўласнай кватэры?» — з абурэньнем пыталася актывістка.
Актывістку і блогерку Алену Янушкоўскую за «пікет на лёджыі» ўжо пакаралі штрафам у 945 рублёў некалькі тыдняў таму.