«Гэтага можна было чакаць, таму што ўся рыторыка рэжыму з самага пачатку была ваяўнічай, агрэсіўнай. Мы ўвялі санкцыі толькі тады, калі стала ясна, што нармальнае пасярэдніцтва становіцца немагчымым», — сказаў Гітанас Наўседа.
Беларусь 29 верасьня абвясьціла аб увядзеньні ў адказ санкцый для грамадзян балтыйскіх краін пасьля таго, як Літва, Латвія і Эстонія пашырылі да 100 чалавек «чорны сьпіс» прадстаўнікоў беларускага рэжыму, адказных за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і гвалт супраць мірных удзельнікаў пратэстаў.
«Нас гэта не спалохае і тым больш не перашкодзіць Эўразьвязу прыняць тыя рашэньні, якія насьпелі», — дадаў прэзыдэнт Літвы, гаворачы пра санкцыі супраць Менску, якія рыхтуе ЭЗ.