Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў у Літве ў панядзелак аб тым, што падтрымае санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, паведамляе Bloomberg.
«У нас ёсьць агульная мэта і надзея адносна таго, што мы можам заняцца санкцыямі ў найбліжэйшай будучыні», — сказаў Макрон на прэс-канфэрэнцыі зь літоўскім прэзыдэнтам Гітанасам Наўседай.
Як перадае агенцтва BNS, са свайго боку Наўседа заявіў пра адзіную з Макронам пазыцыю.
«У пытаньні пра Беларусь мы прыйшлі да адзінай думкі — ЭЗ ня можа марнаваць час, а павінен зрабіць усё, каб гэтыя санкцыі, якія абмяркоўваліся і прапаноўваліся, былі зацьверджаныя ўжо на бліжэйшым пасяджэньні Эўрапейскай рады», — сказаў ён.
У канцы верасьня краіны Балтыі ўжо абвясьцілі санкцыі ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 29 службовых асоб. Ім забаронены ўезд у Літву, Латвію і Эстонію.
Эўразьвяз таксама разглядае пытаньне аб увядзеньні санкцый, аднак рашэньне пакуль не прынятае. Рада ЭЗ мае намер разгледзець гэтае пытаньне на саміце ў Брусэлі, які заплянаваны на 1–2 кастрычніка.