27 верасьня акцыі пратэсту прайшлі ў Менску і іншых гарадах Беларусі. Праваабаронцы ўжо налічылі больш за 250 затрыманых, сярод іх — журналісты.
У Менску на пачатку маршу супрацоўнікі міліцыі перапісвалі дадзеныя журналістаў, якія працавалі на акцыі. Казалі, што такім чынам праводзілі «рэгістрацыю журналістаў» нібыта для іх жа бясьпекі. Папярэджвалі, што ў выпадку, калі яны будуць замінаць працаваць сілавікам, іх чакае адказнасьць па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы).
У Горадні падчас нядзельнага маршу быў затрыманы галоўны рэдактар парталу NewGrodno Ігар Бублікаў. Яго адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Горадні. Таксама ва ўсіх журналістаў, якія працавалі на пратэставай акцыі, праверылі дакумэнты, правялі прафіляктычныя гутаркі і адпусьцілі.
У Магілёве каля гандлёвага цэнтру «Атрыюм» сёньня быў затрыманы журналіст інтэрнэт-парталу «Рэгіянальны Магілёў» Уладзімер Лапцэвіч.
У Менску затрымалі карэспандэнта-апэратара онлайн-мэдыя «Спектр» (spektr.by) Артура Пагасяна.
26 верасьня ў Менску падчас асьвятленьня жаночага маршу былі затрыманыя 6 журналістак: Юлія Матузава («Эўрарадыё»), Марыя Грыц («Белсат»), Марыя Вайтовіч («Эўрарадыё»), Кацярына Карпіцкая («Наша Ніва»), Аляксандра Эльбаўм (Tut.by), Алена Доўнар (фрылансэрка) і Анастасія Альшанская («МБХ медиа»).
Анастасію Альшанскую, Марыю Грыц (яна выхоўвае малую дачку) і Алену Доўнар да суду адвезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна, астатніх журналістак празь нейкі час адпусьцілі.