У менскім маршы «Народная інаўгурацыя» бяруць удзел да 100 тысяч чалавек. Такія ацэнкі карэспандэнтаў агенцтва «Інтэрфакс».
Зрабіўшы вялікі крук ад стэлы «Менск — горад-герой», калёна рушыць па праспэкце Незалежнасьці ў бок мікрараёну Ўручча. Сілавікі і спэцтэхніка ў гэты час сканцэнтраваліся на падыходзе да плошчы Перамогі.
Удзельнікі акцыі запалілі ліхтары на тэлефонах, што выглядае відовішчна на фоне прыцемак і лёгкага дажджу, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Калёну вітаюць жыхары дамоў па праспэкце Незалежнасьці і гандляры ў крамах.
Каля будынка БАТУ да дэманстрантаў з дынамікаў зьвярнуўся міліцыянт з просьбай разысьціся, інакш будуць ужытыя захады ў адпаведнасьці з законам.
Ля станцыі мэтро «Маскоўская» спыніўся белы аўтобус, сілавікі затрымалі раварыста, дэманстранты хацелі яго адбіць, але ня здолелі.