Міністэрства інфармацыі зьвярнулася ў суд з пазовам аб спыненьні выпуску інтэрнэт-выданьня TUT.BY. Гэта азначае, што па рашэньні суду TUT.BY можа страціць статус сродку масавай інфармацыі, аднак зможа працягнуць сваю працу ў якасьці інтэрнэт-рэсурсу без статусу СМІ.
Пра гэта паведамляе сам партал.
У адпаведнасьці з дзеючай рэдакцыяй закону аб СМІ рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсу ў якасьці інтэрнэт-выданьня носіць добраахвотны характар. Статус СМІ дае некаторыя перавагі, у прыватнасьці, магчымасьць на законных падставах прысутнічаць у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у раёнах узброеных канфліктаў ці надзвычайных сытуацый, на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых падзей, маючых грамадзкую важнасьць, і перадаваць адтуль інфармацыю.
Пасяджэньне прызначанае на 8 кастрычніка ў эканамічным судзе Менску. Падставай для пазову сталі раней вынесеныя папярэджанні Міністэрства інфармацыі.
Пачынаючы з 7 жніўня 2020 году TUT.BY атрымаў чатыры папярэджаньні. Прэтэнзіі ад міністэрства былі выстаўленыя наконт матэрыялаў «У сем разоў больш выбаршчыкаў і „таемныя“ пратаколы. Якія парушэньні ўбачылі назіральнікі і што сказаў ЦВК?»,«Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах»,«Да рэдактара TUT.BY прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі справу аб масавых беспарадках» і «Беларуская мытня папрасіла пацьвердзіць, што ў «Гары Потэры» няма заклікаў да зьвяржэньня ўлады».
Сеткавае выданьне TUT.BY было зарэгістраванае ў студзені 2019 году, да гэтага з моманту заснаваньня ў 2000 годзе TUT.BY працаваў без статусу СМІ.