25 верасьня старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль з трыбуны Генасамблеі ААН заявіў, што Эўразьвяз не прымае сфальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляецца на сайце Эўрапейскай рады.
«У Беларусі былі сфальсыфікаваныя апошнія прэзыдэнцкія выбары. Мы не прымаем іх вынікі. І мы асуджаем жорсткія рэпрэсіі ў дачыненьні да апазыцыі і мірных дэманстрацый», — заявіў Шарль Мішэль.
Ён падкрэсьліў, што ўсе рэпрэсіі і запалохваньні павінны быць спыненыя, а ўсіх вінаватых належыць прыцягнуць да адказнасьці і пакараць.
«Мы падтрымліваем беларускі народ, які павінен быць вольны, безь якога-небудзь вонкавага прымусу, выбіраць сваю будучыню. Інклюзіўны нацыянальны дыялёг пры садзейнічаньні АБСЭ — адзіны рэальны шлях наперад», — дадаў Шарль Мішэль.
У Дэклярацыі ад імя Эўразьвязу «з нагоды так званай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі», апублікаванай 24 чэрвеня, Эўразьвяз паўтарыў, што «прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», а «так званая інаўгурацыя 23 верасьня 2020 году і новы мандат, на які прэтэндуе Аляксандар Лукашэнка, пазбаўленыя якой-небудзь дэмакратычнай легітымнасьці».
У дэклярацыі падкрэсьліваецца, што гэтая «інаўгурацыя» наўпрост супярэчыць волі шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі, і Эўразьвяз цалкам падтрымлівае дэмакратычнае права беларускага народу абраць свайго прэзыдэнта з дапамогай новых свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЭ.
Таксама ў дэклярацыі ўказваецца, што ў кантэксьце бягучай сытуацыі Эўразьвяз пераглядае свае адносіны зь Беларусьсю.