Партыя «Голас», якая мае ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны сваю фракцыю (19 з 423 дэпутатаў агульнага складу парлямэнту), патрабуе ад ураду ўвядзеньня пэрсанальных санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі.
«Заяў аб непрызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ўжо недастаткова. Самаабвяшчэньне Лукашэнкі прэзыдэнтам і ягонае збліжэньне з Пуціным зьяўляюцца прамой ваеннай рызыкай для Ўкраіны. Таму неабходна неадкладна склікаць Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны і ўвесьці пэрсанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягоных марыянэтак, адказных за фальсыфікацыі выбараў, а таксама сыстэматычныя і масавыя парушэньні асноўных правоў і свабодаў чалавека», — заявіла лідэрка партыі «Голас» Кіра Рудык.
Адначасова партыя зьвярнулася да Кабінэту міністраў і Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны з просьбай забясьпечыць часовую абарону грамадзянам Беларусі, вымушаным уцякаць ва Ўкраіну ад палітычнага перасьледу.
Партыі Парашэнкі і Цімашэнкі за санкцыі
Увядзеньне санкцый супраць грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе ўладай, падтрымліваюць і яшчэ дзьве парлямэнцкія фракцыі — партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» і Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць».
У прыватнасьці, намесьнік старшыні партыі «Бацькаўшчына» Рыгор Няміра на сустрэчы Эўрапейскай народнай партыі і групы аднадумцаў у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая 24 верасьня адбывалася ў рэжыме онлайн, заявіў аб падтрымцы ўвядзеньня санкцый супраць асобаў, адказных за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў.
Ірына Герашчанка, адна з кіраўнікоў фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць», падтрымала заяву міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебы аб непрызнаньні Аляксандра Лукашэнкі новавыбраным прэзыдэнтам Беларусі:
«Ужо паўтара месяца кажу пра неабходнасьць зьмены менскай пляцоўкі для трохбаковай кантактнай групы. Цяпер зацягваць і заплюшчваць вочы не атрымаецца. Бо немагчыма не прызнаваць Лукашэнку прэзыдэнтам і адначасова карыстацца ягонай пляцоўкай для мірных перамоваў».
Кум Пуціна супраць
Кіраўнік партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» Віктар Медзьвядчук, кум расейскага прэзыдэнта Пуціна, перакананы, што замарожваньне стасункаў зь Беларусьсю і падтрымка эўрапейскіх санкцый супраць беларускай улады створыць для Ўкраіны шмат праблемаў у бясьпецы і эканоміцы:
«Гэта чарговыя інтрыгі, гэта палітыка „партыі вайны“, якую сёньня прадстаўляе частка „Слугі народу“ (прадстаўнікі Сораса і іншых міжнародных арганізацый), фракцыі „Голас“, „Эўрапейская салідарнасьць“ і Парашэнка, гэта фракцыя „Бацькаўшчына“, якія лічаць, што сёньня іхная ацэнка выбараў у Беларусі зьяўляецца прынцыповай».
«Я яшчэ раз падкрэсьліваю: гэта апошні наш сусед, зь якім мы падобнымі заявамі разрываем і псуем адносіны. Вось гэта і ёсьць дзяржаўныя інтарэсы і нацыянальная бясьпека, у тым ліку энэргетычная незалежнасьць Украіны. Таму што траціна паставак нафтапрадуктаў зь Беларусі — гэта вельмі сур’ёзна. Калі заўтра яны спыняцца зь якой-небудзь прычыны, а ў гэтым выпадку можа быць толькі палітычная прычына, — гэта цяжкія наступствы для нашай краіны», — заявіў Віктар Медзьвядчук.
Урад пакуль не адрэагаваў на прапановы палітычных партый. 23 верасьня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна не прызнае Аляксандра Лукашэнку ў статусе новавыбранага прэзыдэнта Беларусі.
Пазьней стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі скасаваў свой візыт у Беларусь для ўдзелу ў Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які мусіў прайсьці ў кастрычніку ў Горадні.