Эўрадэпутат ад Літвы Андрус Кубілюс, старшыня Парлямэнцкай асамблеі «Эўранэст», заявіў, што сёньняшняя «сакрэтная» і «ганебная» інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі — «спроба захапіць і ўзурпаваць уладу, выкарыстоўваючы вайсковую і міліцэйскую сілу».
«Гэта ня што іншае, як стварэньне вайсковай хунты ў Беларусі. Усе вайсковыя хунты знаходзяць адзін і той самы канец», — адзначыў Кубілюс.
Паводле Кубілюса, згодна зь міжнародным правам у Беларусі няма легітымнага прэзыдэнта, бо выбары і іх вынікі не прызнаныя. Новыя прэзыдэнцкія выбары павінны быць арганізаваныя неадкладна, дадаў ён, бо тэрмін паўнамоцтваў Лукашэнкі заканчваецца 5 лістапада 2020 году.