Крэмль лічыць выключна ўнутранай справай Беларусі прызначэньне даты ўступленьня на пасаду Аляксандра Лукашэнкі.
«Не лічу патрэбным нейкім чынам камэнтаваць, бо гэта абсалютна сувэрэннае ўнутранае рашэньне беларускага кіраўніцтва. Калі такое рашэньне прынятае, значыць, так палічылі мэтазгодным», — спасылаецца агенцтва ТАСС на Дзьмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі.
Такім чынам ён адказаў на пытаньне аб своечасовасьці інаўгурацыі Лукашэнкі, які 23 верасьня ўступіў на пасаду прэзыдэнта краіны.
Таксама Пяскоў заявіў, што візыт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь на гэты момант не плянуецца. Ён ня змог адказаць на пытаньне, ці будзе прэзыдэнт Расеі віншаваць свайго беларускага калегу з інаўгурацыяй.
«Бываюць, вядома, у пратакольным парадку нейкія віншаваньні ці, можа быць, ён вырашыць патэлефанаваць. Не валодаю такой інфармацыяй. Але хачу нагадаць, што прэзыдэнт Пуцін віншаваў Аляксандра Лукашэнку з выбраньнем», — падсумаваў Дзьмітрый Пяскоў.