Чаму інаўгурацыя Лукашэнкі была сакрэтнай і як адкажа грамадзтва. Першыя ацэнкі аналітыкаў
Чаму інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі была сакрэтнай і такой хуткацечнай? Якой будзе рэакцыя грамадзтва на гэтую цырымонію? Ці правядзе Сьвятлана Ціханоўская сваю, альтэрнатыўную інаўгурацыю? У «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аналітыкі Свабоды Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.
Дракахруст:
- Лукашэнка не хацеў карцінкі на тэлеканалах па ўсім сьвеце: інаўгурацыю ў атачэньні войскаў, а вакол — дзясяткі тысяч пратэстоўцаў.
- Лукашэнка зьвёў інаўгурацыю да тэхнічнай працэдуры.
- Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль учора заявіў, што прызнаньне Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам Беларусі сканчаецца з інаўгурацыяй.
Карбалевіч:
- Лукашэнка выдатна адчувае сытуацыю ў краіне, ён разумее, што ягоная легітымнасьць сумнеўная.
- Я ня думаю, што такая інаўгурацыя паўплывае на дынаміку пратэстаў.
- Я ня думаю, што Ціханоўская правядзе альтэрнатыўную інаўгурацыю. Калі б яна была ў Беларусі, у гэтым быў бы сэнс. Інаўгурацыя за мяжой ня мае сэнсу, Захад не прызнае Ціханоўскую прэзыдэнтам Беларусі.
Студэнтка БНТУ выйшла на адзіночны пікет
Адзін зь лідэраў Каардынацыйнай рады Максім Баграўцоў — пра таемную інаўгурацыю Лукашэнкі
Чэхія не прызнала інаўгурацыю Лукашэнкі легітымнай
«Выбары ў Беларусі не былі ні вольнымі, ні справядлівымі, — напісаў у Twitter міністар замежных справаў Чэхіі Томаш Пэтршычэк. — Таму іх вынік нелегітымны, таму і сёньняшняя інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі нелегітымная. Беларуская грамадзянская супольнасьць мае поўную падтрымку Чэскай Рэспублікі. Беларусы заслугоўваюць свабоду».
Бяляцкі: Такой інаўгурацыяй Лукашэнка спыняе свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы
Алесь Бяляцкі, старшыня праваабаронага цэнтру «Вясна», пракамэнтаваў Свабодзе цырымонію ў Палацы Незалежнасьці:
«Людзі не ўспрымаюць гэта як рэальную інаўгурацыю. Але па-іншаму ён, напэўна, зрабіць ня мог. Калі б інаўгурацыя была абвешчаная загадзя, тут бы ўжо стаялі 200 тысяч дэманстрантаў пад ягоным палацам. Трэба было альбо праводзіць тайна, альбо пры вялізнай дэманстрацыі, якая б не маўчала. Таму і пайшлі на такі варыянт, варты жалю. Ён варты жалю, ён чапляецца за гэту ўладу, робіць выгляд, што там, за сьценамі ягонага палаца, нічога не адбываецца. Таму гэта чарговы паказьнік слабасьці Лукашэнкі.
Такой інаўгурацыяй ён спыняе свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Таму што ён становіцца нелегітымным прэзыдэнтам. Такая інаўгурацыя выкліча яшчэ большыя масавыя пратэсты супраць такіх дзеяньняў». Цалкам тут.
Міністар замежных справаў Даніі: «Лукашэнка пацьвердзіў брак легітымнасьці прызначэньнем сакрэтнай інаўгурацыі»
«Беларусі патрэбны вольныя і справядлівыя выбары, дэмакратычна выбраны прэзыдэнт, — напісаў у Twitter міністар замежных справаў Даніі Епэ Кофад. — Сфальсыфікаваныя выбары павінны прывесьці Лукашэнку не ў прэзыдэнцкі палац, а ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу».
«Баіцца свайго народу». Што менчукі кажуць пра таемную інаўгурацыю Лукашэнкі
23 верасьня нечакана стала вядома, што адбылася інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Мы спыталі мінакоў на вуліцах Менску, чаму, на іх думку, пра гэтую падзею ўлады не паведамілі загадзя.
Прэзыдэнты Польшчы і Італіі: «Трэба аддаць голас беларусам на свабодных выбарах»
Падчас візыту ў Рым польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда абмеркаваў сытуацыю ў Беларусі з прэзыдэнтам Італіі Сэрджа Матарэлі. Пра гэта паведаміў кіраўнік канцылярыі Дуды Кшыштаф Шчэрскі Польскаму агенцтву друку.
«Прэзыдэнты падкрэсьлілі, што трэба аддаць голас беларусам на свабодных выбарах, каб яны маглі выбраць сваю будучыню. Дуда і Матарэлі прыйшлі да згоды, што нікому нельга ўспрымаць Беларусь інструмэнтальна, гэта датычыць таксама Расеі, а Эўразьвяз павінен быць у справе Беларусі актыўны і прымаць рашэньні, якія б падтрымлівалі права беларусаў на свабодныя выбары», — сказаў Шчэрскі.
Акцыя пратэсту студэнтаў юрфаку БДУ
Якія краіны ўжо не прызналі Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам
Пасьля таемнага правядзеньня інаўгурацыі ў Менску прадстаўнікі Даніі, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Славаччыны, Чэхіі, Эстоніі заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
«Прэзыдэнт, абраны на недэмакратычных выбарах, ня можа разглядацца як такі, што легальна ажыцьцяўляе ўладу, незалежна ад таго, ці была прысяга сакрэтнай, ці афіцыйнай», — гаворыцца ў заяве зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы.
Латвія ня лічыць, што ў Менску адбылася цырымонія інаўгурацыі, якая ўзаконьвае вынікі выбараў і дае паўнамоцтвы Аляксандру Лукашэнку заняць пасаду прэзыдэнта Беларусі ў шосты раз. Пра гэта афіцыйна заявіла МЗС Латвіі. Паводле камэнтару прэсавага сакратара міністэрства Яніса Бэкэрыса, Латвія не прызнае вынікаў гэтых выбараў і ня лічыць Аляксандра Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі.
Чытайце ўсе заявы па спасылцы. Абнаўляецца.
«Нас, блін, гвалцяць! Адкрыйце інтэрнэт!» Як Каранік прыяжджаў да калектыву горадзенскага тэатру
22 верасьня новы старшыня горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік прыехаў у драматычны тэатар, каб сустрэцца з акторамі. Перад гэтым дваіх з тэатральнага калектыву затрымалі на маршы пратэсту, іншыя не дайгралі спэктакль да канца. Адну дзяўчыну з таго спэктакля дырэктар звольніў.
Гаварылі пра брэнд Беларусі, прапановы пратэстоўцаў, няскончаны спэктакль, гвалт на вуліцах, новыя выбары, пра права і чалавечнасьць, дабро і зло. Сустрэча ішла ня больш за паўтары гадзіны. Дырэктар драмтэатру Ігар Гедзіч не пусьціў журналістаў на сустрэчу і не патлумачыў, чаму менавіта. У рэдакцыі аказаўся аўдыёзапіс размовы. Прыводзім яе фрагмэнты. Чытайце па спасылцы.
Украіна падумае, як рэагаваць на інаўгурацыю Лукашэнкі
Украінскія ўлады сфармуюць афіцыйную пазыцыю адносна сёньняшняй інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі і яго палітычнага статусу на тэрміновых нарадах — пра гэта, як паведамляе БелаПАН, заявіў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба.
«Інаўгурацыя была таемная, — канстатаваў ён. — Каб вы разумелі: ніводзін замежны амбасадар ня быў запрошаны на гэтую інаўгурацыю, нават амбасадар Расеі, саюзнай дзяржавы, якая цалкам падтрымлівае Лукашэнку». Кулеба заявіў, што пазыцыя Ўкраіны вельмі выразная: «Выбары ў Беларусі не былі свабоднымі, сумленнымі і празрыстымі».
Аўтазакі ў Менску
Суд адхіліў скаргу абароны Максіма Знака, ён застанецца за кратамі
23 верасьня Менскі гарадзкі суд разгледзеў скаргу абароны Максіма Знака на ўзяцьце яго пад варту і адмовіў у скарзе абароны Знака на меру стрыманьня ў выглядзе арышту, паведаміў адвакат Максіма Знака Дзьмітры Лаеўскі. На вынясеньні рашэньня Максім Знак не прысутнічаў. Экран відэасувязі быў выключаны.
У Горадзенскім драмтэатры зноў адмянілі вечаровы спэктакль
У горадзенскім драматычным тэатры зноў адмянілі вечаровы спэктакль зь невядомай прычыны. Пра гэта паведамілі артысты тэатру, задзейнічаныя ў спэктаклі. Гэта трэці вечар, калі ў тэатры не ідуць прадстаўленьні, пасьля таго як акторы не дайгралі «Очень простую историю», калі іх калегаў затрымалі на акцыі пратэсту.
Эўрадэпутат Кубілюс: Лукашэнка стварыў у Беларусі вайсковую хунту
Эўрадэпутат ад Літвы Андрус Кубілюс, старшыня Парлямэнцкай асамблеі «Эўранэст», заявіў, што сёньняшняя «сакрэтная» і «ганебная» інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі — «спроба захапіць і ўзурпаваць уладу, выкарыстоўваючы вайсковую і міліцэйскую сілу».
«Гэта ня што іншае, як стварэньне вайсковай хунты ў Беларусі. Усе вайсковыя хунты знаходзяць адзін і той самы канец», — адзначыў Кубілюс.
Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе вызваліць галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча
23 верасьня Ягора Марціновіча затрымалі паводле падазрэньня ў «паклёпе». Падставай стаў матэрыял, дзе згадваецца намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Аляксандар Барсукоў. З гэтай нагоды Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) выступіла з заявай, у якой патрабуе неадкладна вызваліць Ягора Марціновіча і спыніць крымінальны перасьлед.
«У крымінальным перасьледзе Ягора Марціновіча з прыцягненьнем да гэтага супрацоўнікаў сілавых структураў мы бачым праявы цэнзуры і злоўжываньня прававымі нормамі для абмежаваньня свабоды слова», — гаворыцца ў заяве арганізацыі. Цалкам тут.
У цэнтар Менску сьцягваюць міліцэйскую і вайсковую тэхніку
У цэнтар Менску цяпер сьцягнутая міліцэйская і вайсковая тэхніка. Відавочцы паведамляюць аб аўтазаках, міліцэйскіх аўтобусах і вайсковых грузавіках у раёне плошчы Незалежнасьці, Палаца спорту, Нямігі.
Карыстальнікі сацсетак пішуць, што супрацоўнікаў шэрагу гандлёвых аб'ектаў, прадпрыемстваў і дзяржаўных установаў сёньня адпусьцілі з працы раней. Студэнты пішуць, што ім зьмянілі расклад, адмяніўшы вечаровыя заняткі.
АМАП заблякаваў плошчу Незалежнасьці ў Менску. Пратэстоўцаў няма
Плошча Незалежнасьці ўся заблякаваная АМАПам са шчытамі. Яны стаяць шчыльным шэрагам па ўсім пэрымэтры. Пратэстоўцаў няма, паведамляе карэспандэнт Свабоды зь месца падзей.
З 17.50 адмяняецца высадка і пасадка пасажыраў на прыпынку «плошча Свабоды» ў напрамку праспэкту Незалежнасьці, піша Tut.by.
Тым часам па праспэкце Незалежнасьці ад цырку ідзе група дзяўчат у адзеньні бел-чырвона-белых колераў. Тут жа на праспэкце заўважылі гарадзкі аўтобус, у якім знаходзяцца сілавікі ў чорнай амуніцыі.
На Кастрычніцкай плошчы, на вуліцы Няміга, каля Палаца спорту ніякай актыўнасьці пакуль няма, перадаюць карэспандэнты Свабоды.
Менск: ачапленьне з плошчы Незалежнасьці раптоўна зьнялі
З плошчы Незалежнасьці ў Менску раптам зьнялі ачапленьне: увесь АМАП вывелі. Прынамсі частка амапаўцаў цяпер знаходзіцца ў раёне плошчы Мясьнікова. Там жа стаіць спэцтэхніка.
На самой плошчы Незалежнасьці цяпер толькі нарады патрульнай міліцыі ў форме, па двое. Іх заўважна больш, чым звычайна.