Гаўрыіла Глухава, ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні, папрасіла прабачэньня ва ўсіх, каго абразіў або зачапіў яе выступ на жаночым форуме «За Беларусь» 17 верасьня.
Пра гэта піша сайт Беларускай праваслаўнай царквы:
«Ігуменьня горадзенскай абіцелі патлумачыла свае эмацыйныя выказваньні перажываньнямі за лёс Радзімы і заклікала ўсіх імкнуцца да міру, згоды і любові».
Раней БПЦ адмежавалася ад заяваў ігуменьні Гаўрыілы. У такім духу пракамэнтаваў прадстаўнік Беларускага экзархату РПЦ Сергій Лепін выказваньні манахіні, якія многім здаліся далёкімі ад духоўных канонаў хрысьціянства.
«Так, яна прысутнічала на мерапрыемстве з дабраслаўленьня мітрапаліта, але сам ён ня быў інфармаваны аб тым, што гэта ня проста нейкае „жаночае“ мерапрыемства, а з пэўным палітычным падтэкстам. Ці быў парушаны прынцып неўмяшаньня ў палітыку яе прамовай? Відаць, так. Але ў кожным разе матушка выказала сваю думку, якую просім не атаясамліваць з усёй БПЦ», — адзначыў Сергій Лепін.
Сярод іншага ў сваім выступе ігуменьня назвала апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі «сэктантамі», а таксама зганьбіла нацыянальныя сымбалі Беларусі.