Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка заявіў пра сваю гатоўнасьць выступіць у Дзяржаўнай думе Расеі, каб патлумачыць там пазыцыю рады. Латушка сказаў пра гэта пасьля свайго выступленьня ў Эўрапарлямэнце 21 верасьня.
«Выступаць у Эўрапарлямэнце сёньня – гэта была ўнікальная магчымасьць. Але я хацеў бы зьвярнуцца з прапановай да дэпутатаў расейскай Дзяржаўнай думы: я гатовы таксама выступіць і на пасяджэньні камітэту па замежных справах Дзяржаўнай думы Расеі для таго, каб прадставіць пазыцыю каардынацыйнай рады», – сказаў Латушка.
Расейскае агенцтва «Новости» працытавала рэакцыю на гэтую заяву Латушкі з боку першага намесьніка камітэту па справах СНД ў Дзярждуме Віктара Вадалацкага. «Вядома ж, нам няма пра што зь ім размаўляць, бо ў нас ёсьць стоадсоткавая інфармацыя аб тым, што так званая апазыцыйная каардынацыйная рада знаходзіцца пад выразным і жорсткім кіраваньнем цэнтру па кіраваньні сытуацыяй у Беларусі. У гэты цэнтар уваходзяць спэцслужбы Польшчы, Літвы і Украіны, і яны сёньня каардынуюць дзейнасьць усёй каардынацыйнай рады», – сказаў Вадалацкі.
Вадалацкі абвінаваціў Каардынацыйную раду ў тым, што яна патрабуе санкцыяў, празь якія кожны беларус можа страціць працу, таму «гэта ўжо не апазыцыя, гэта ворагі Беларусі, а з ворагамі Беларусі нам няма пра што размаўляць».