Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 15 сутак арышту. Суды за «Бліскучы марш» і «Марш справядлівасьці». Абнаўляецца 


19 верасьня на жаночым «Бліскучым маршы» у Менску і напярэдадні на «Маршах справядлівасьці» па ўсёй краіне адбыліся масавыя затрыманьні мірных пратэстоўцаў.

Паводле інфармацыі МУС, у суботу ў сталіцы затрымалі 415 чалавек і яшчэ 15 у іншых месцах. Суды ў розных гарадах Беларусі выносяць выракі затрыманым, пераважна арышты і штрафы.

Нейкай зразумелай лёгікі няма. Напрыклад суд Першамайскага раёна Менска пакараў Вадзіма Дамашэвіча арыштам на 15 сутак. Пры тым, што за аналягічнае правапарушэньне ў Гомлі Яўгена Гатоўкіна пакаралі 3 суткамі. А ў судзе Савецкага і Партызанскага раёнаў сталіцы вынесеныя грашовыя прысуды — па 540 рублёў штрафу.

Затрыманых у Гомлі караюць «суткамі»

У Гомлі сёньня праходзяць суды над затрыманымі на Маршы справядлівасьці. Затрымліваў АМАП. Усяго ў ІЧУ трапілі каля 50 чалавек.

Палітык Васіль Палякоў быў затрыманы каля свайго дому. Ён вяртаўся з Маршу, за ім сачылі. Палякова асудзілі на 15 сутак арышту. Ён нядаўна выйшаў з ізалятара, дзе адбываў 10-суткавы арышт.

Актывістку Сьвятлану Нарскіну суд пакараў арыштам на 8 сутак. 7 сутак атрымаў жыхар Гомля Вадзім Васільеў.

«Мы ўчора гулялі каля цырку зь дзіцем. Там праходзіла акцыя. Калі вярталіся дахаты, мужа схапілі на прыпынку непадалёк ад дому», — расказала жонка Васільева.

Людзей судзяць ва ўсіх раённых судах Гомля, а таксама ў будынках РАУС. Апроч штрафаў, затрыманым даюць арышты на 3–12 сутак.

Праваабаронцы з дапамогай валянтэраў зьбіраюць інфармацыю пра рашэньні судоў ва ўсёй Беларусі. Апэратыўныя дадзеныя шукайце на сайце «Вясны».

Па выніках нядзельнай акцыі праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў зьвесткі пра 170 затрыманых у Менску і 70 у рэгіёнах. Частку дэманстрантаў этапавалі ў ІЧУ Жодзіна. На 21 і 22 верасьня заплянаваныя судовыя паседжаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG